Латушка: Наша мэта — скараціць патэнцыял рэжыму працягваць унутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсію

22 траўня, Позірк. З пункту гледжання Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), зараз не час спыняць санкцыйны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, адпаведную пазіцыю гэтых структур прадставіў намеснік кіраўніцы АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка 22 траўня, у другі дзень вільнюскай часткі ІІІ Кангрэса па палітвязнях у Беларусі.
Паводле яго слоў, тое, што менавіта санкцыі “сёння ёсць важнымі картамі ЗША ў камунікацыі з рэжымам” і сталі “інструментам вызвалення шэрагу груп палітычных зняволеных”, пацвярджае факт таго, што “інструмент працуе і ён эфектыўны”.
“Некаторыя ўжо спрабуюць укідваць у грамадскую прастору тэзіс, што ціск больш не патрэбны, што трэба ісці на перамовы і адмяняць усе санкцыі, — заявіў палітык. — Але перад тым як ставіць такое пытанне, трэба прааналізаваць, за што санкцыі былі ўведзеныя. Яны ж уводзіліся не толькі з праваабарончых прычын. Нават камунікуючы з амерыканскім бокам, я разумею, што ў іх ёсць поўнае ўсведамленне: не ўсе санкцыі, якія цяпер ахопліваюць каля ста прадпрыемстваў, “Беллеспаперпрам”, “Белнафтахім”, банкаўскі сектар, IT-сектар, могуць быць адмененыя, бо многія з іх былі ўведзеныя з іншых падстаў, а не толькі з-за сітуацыі з правамі чалавека”.
Латушка звярнуў увагу на тое, што дагэтуль не вызваленыя ўсе палітвязні; вайна Расіі супраць Украіны, а з ёй і саўдзел рэжыму Лукашэнкі працягваюцца; не спыненыя рэпрэсіі ў Беларусі і пераслед беларусаў за мяжой; рэжым не распачаў дыялог з грамадствам. Паколькі нічога з гэтага не выканана, паводле слоў палітыка, ціск мае быць працягнуты.
“Сёння ў мяне была сустрэча са спікерам парламента Літвы, міністрам юстыцыі Літвы, памочніцай прэзідэнта па знешняй палітыцы і прадстаўнікамі МЗС Літвы, — паведаміў ён. — Я пачуў даволі адназначную падтрымку як у пытаннях далейшай працы па дасягненні справядлівасці ў рамках міжнародных механізмаў адказнасці (у тым ліку Міжнароднага крымінальнага суда і справы, распачатай з ініцыятывы Літвы, над якой мы таксама працавалі), так і ў пытанні адказнасці Лукашэнкі за іншыя злачынствы: акт агрэсіі, дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей”.
“Дарэчы, я таксама пачуў, што Літва займае вельмі цвёрдую пазіцыю ў пытанні прадаўжэння санкцый. Нягледзячы на вербальную камунікацыю амерыканцаў пра тое, што яны хацелі б, каб Літва адмовілася ад нацыянальных рашэнняў, якія забараняюць транзіт беларускага калію, Літва не плануе нічога змяняць і не бачыць падставаў для перагляду гэтай палітыкі”, — дадаў Латушка.
Ціск “ніколі не з’яўляецца самамэтай”, падкрэсліў намеснік кіраўніцы АПК. Паводле яго слоў, санкцыі — гэта “не проста пакаранне, а інструмент уплыву”, які мае “прымусіць змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку”.
“Якія мэты мы ставім перад санкцыямі? Па-першае, скарачэнне магчымасцяў і рэсурсаў абодвух агрэсараў, якія падтрымліваюць вайну — гарачую супраць Украіны і гібрыдную супраць Еўропы, — патлумачыў Латушка. — Па-другое, прымусіць рэжым змяніць унутраную рэпрэсіўную палітыку”.
Палітык заявіў, што “эканоміка Лукашэнкі ўжо адчувае сур’ёзныя макраэканамічныя праблемы: назіраецца стагнацыя развіцця, ВУП не расце, прамысловасць сыходзіць у мінус, асабліва драматычна — апрацоўчая прамысловасць, няма крэдытных рэсурсаў”.
Паводле яго слоў, рэжым згубіў украінскі рынак, істотна скараціўся экспарт беларускай прадукцыі ў Еўропу, а цяпер “змяншаецца экспарт у Расійскую Федэрацыю, бо і там назіраецца стагнацыя”.
“Продажы на афрыканскім рынку не могуць гэта кампенсаваць — лагістыка складаная, дарагая, а сам рынак карумпаваны, — канстатаваў ён. — Там не так проста прадаваць тавары. Часам атрымліваецца наадварот: беларускія банкі фінансуюць пастаўкі трактароў і іншай тэхнікі ў Афрыку, але ці заплацяць афрыканскія партнёры — ніхто не ведае”.
“Такім чынам, наша мэта — скараціць патэнцыял рэжыму працягваць унутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсію”, — дадаў Латушка.
Названыя беларускія палітычныя структуры, паводле яго слоў, падтрымліваюць стратэгію ЗША “па камунікацыі з рэжымам пад ціскам санкцый дзеля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”.
“Але нават сустракаючыся ўчора з амерыканскімі дыпламатамі, я яшчэ раз падкрэсліў: без спынення рэпрэсій гэта не дасць таго эфекту, на які мы спадзяёмся, бо гэты канвеер можа працаваць вельмі доўга, — сказаў палітык. — Наколькі мы разумеем, амерыканцы згодныя з гэтай пазіцыяй. Яны збіраюцца цяпер вельмі жорстка ставіць пытанне пра неабходнасць спынення рэпрэсій”.
“Мы толькі што чулі пра новыя вобшукі ў Беларусі, пра тое, што пасля вызвалення Анджэя Пачобута ў краіне з’явіліся 26 новых палітвязняў, што працягваюцца затрыманні жанчын. Таму галоўнае патрабаванне — спыненне рэпрэсій. Мы лічым, што ў амерыканцаў дастаткова патэнцыялу — як санкцыйнага, так і дыпламатычнага, каб дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій”, — дадаў ён.
З іншага боку гэтыя структуры дэмсіл просяць ЕС “не ўваходзіць у дыялог з Лукашэнкам”, пакуль той “сам не пачне дыялог з беларускім грамадствам і не пойдзе на сістэмныя змены ў грамадскім жыцці Беларусі”, то бок пакуль не пойдзе на “дэкрыміналізацыю грамадска-палітычнага жыцця”.


- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- ГрамадстваНа беларускіх метэастанцыях за апошнія тры дні зафіксавана 12 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаПроста вызвалення тых, хто знаходзіцца ў няволі з палітычных матываў, мала для выхаду з гуманітарнага крызісу — ДэйкалаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, ЭканомікаПрадстаўнік BelPol заклікаў павялічыць маштаб санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, якіх зараз "вельмі мала"Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ ваенна-патрыятычных лагерах у дзяцей не павінна быць вольнага часу — ідэолаг Мінабароны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ Мінску штодня выяўляецца 30 новых выпадкаў цукровага дыябетуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваЛіквідацыя ёдадэфіцыту за 10 гадоў удвая знізіла захворванне валлём ў дзяцей — эндакрынолаг (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
