Мінск 22:07

У Літве па падазрэнні ў паветранай кантрабандзе арыштавана 13 паліцэйскіх і памежнікаў

22 траўня, Позірк. У Літве па падазрэнні ў паветранай кантрабандзе арыштавана 13 паліцэйскіх і памежнікаў, паведамляе Delfi.

Паводле слоў намесніка генеральнага камісара паліцыі Марыюса Драудвілы, усяго затрымана 27 чалавек. Гэта працяг аперацыі, распачатай у снежні 2025 года, калі паліцыя затрымала не толькі членаў, але і лідараў злачыннай групоўкі.

8 затрыманых супрацоўнікаў працавалі ў паліцэйскім камісарыяце Шальчынінкскага раёна, двое — у Вільнюскім галоўным камісарыяце паліцыі, трое — у Службе аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ). Затрыманы таксама работнік муніцыпалітэта Шальчынінкскага раёна.

Затрыманых падазраюць у злоўжыванні службовым становішчам, кантрабандзе, а таксама надаанні дапамогі іншай дзяржаве ў дзеяннях супраць Літвы, паведаміў галоўны пракурор Дэпартамента арганізаванай злачыннасці і карупцыі Марцінас Ёвайша.

“Гэта сумная навіна для дзяржавы і грамадства. Людзі, якія павінныя былі абараняць краіну і яе межы, самі маглі стаць часткай злачыннай схемы“, — заявіла прэм’ер-міністр Інга Ругінене. Паводле яе слоў, аперацыя рыхтавалася некалькі месяцаў: вялася разведка, збор доказаў. Ругінене прызнала, што ўнутры сістэмы маглі гадамі дзейнічаць саўдзельнікі кантрабандыстаў.

8 траўня паведамлялася, што ў Літве шэсць чалавек (жыхары Вільнюса, Тракая, Вісагінаса і Ракішкіса) асуджана за кантрабанду цыгарэт з Беларусі.

Тэлерадыёкампанія LRT са спасылкай на агенцтва ELTA паведаміла, што мужчыны, паводле звестак пракуратуры (узровень не ўдакладняецца. — Позірк.), прызнаныя вінаватымі па крымінальнай справе. Акрамя кантрабанды ім у віну пастаўлена незаконнае распараджэнне таварам у складзе арганізаванай групы.

Неназваны суд прызначыў ім штрафы на агульную суму амаль 100 тыс. еўра. У асуджаных канфіскаваныя гідракасцюмы, тэлефоны, матор для лодкі, а таксама будзе спагнаная сума, адпаведная кошту мікрааўтобуса, які выкарыстоўваўся, — больш за 5 тыс. еўра.

Адзін з асуджаных — былы памежнік з Вісагінаса, “звольнены са службы за гэтыя злачынствы”.

22 красавіка Панявежскі акруговы суд вынес загад, якім прызнаў усіх шасцярых абвінавачаных вінаватымі ў інкрымінаваных ім злачынствах.

У 2025 годзе літоўскімі памежнікамі выяўлена 917 выпадкаў кантрабанды і незаконнай перавозкі тавараў (у 2024 годзе — 637), з якіх 911 тычыліся тытунёвых вырабаў, паведамляла САДМ. Канфіскавана 4.440.576 пачкаў цыгарэт — у 3,2 раза больш, чым у 2024 годзе (1.386.714).

Найбольш папулярнай у кантрабандыстаў маркай стала Міпѕк (37% усіх канфіскаваных цыгарэт), на другім месцы — беларускія цыгарэты NZ (26%), далей Marlboro (15%) і Winston (13%).

50,1% канфіскаваных цыгарэт (больш за 2,2 млн пачкаў) было ўвезена ў Літву праз унутраную мяжу ЕС з Латвіі, 49,2% — з Беларусі і 0,3% — з Расіі. Шлях пранікнення яшчэ 0,4% кантрабанды ў краіну невядомы.

Падзяліцца: