Мінск 20:13

МЗС Украіны вітаў адкрыццё ў Кіеве Офіса місіі дэмсіл Беларусі: Будзе адзін з найгалоўных у свеце

Адкрыццё Офіса місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве 26 траўня 2026 года. Выступае намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Перабійніс
Фота: "Позірк"

26 траўня, Позірк. Адкрыццё ў Кіеве Офіса місіі дэмакратычных сіл Беларусі з’яўляецца гістарычным, заявіў на цырымоніі намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Перабійніс.

“Гэта чацвёртае прадстаўніцтва ў свеце (пасля Бруселя, Таліна і Прагі. — “Позірк.), але я думаю, што яно будзе адным з галоўных прадстаўніцтваў у свеце, таму што гэта з’яўляецца сімвалам векавечных стасункаў украінскага і беларускага народаў”, — сказаў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

“Мы вельмі блізкія, мы нават разумеем мову адзін аднаго без перакладу, — адзначыў Перабійніс. — І вельмі сімвалічна, што пані Святлана [Ціханоўская] свае афіцыйныя перамовы і з міністрам замежных спраў, і з прэзідэнтам праводзіла па-беларуску і па-ўкраінску. І пераклад нам не быў патрэбны. І гэта сведчыць не толькі пра нашу блізкасць, але і пра тое, што ў нас агульнае мінулае”.

“І, я перакананы, агульная будучыня ў вольнай Еўропе, вольнай Украіне і вольнай Беларусі. Нас шмат што яднае”, — дадаў прамоўца.

Дыпламат выказаў падзяку “найперш усім тым беларусам, якія сёння ваююць і абараняюць не толькі Украіну, але і Еўропу, і Беларусь супраць расійскага агрэсара, таму што сёння абодва нашыя народы праходзяць вельмі цяжкае выпрабаванне”.

“Беларусь пасля 20-га года, праўда, і раней, але пасля 20-га года асабліва, апынулася ў закладніках у таталітарнага рэжыму. А Украіна сёння, на жаль, вымушаная змагацца за сваё выжыванне супраць знешняй агрэсіі Расіі. Таму тая барацьба, якую сёння вядуць украінскія і беларускія воіны, — гэта барацьба за наша агульнае будучае”, — падкрэсліў Перабійніс.

Ён адзначыў, што прадстаўнік МЗС Яраслаў Чарнагор, нядаўна прызначаны адказным за сувязі з беларускімі дэмісламі, будзе цесна супрацоўнічаць не толькі з Ціханоўскай, але і з прадстаўніцтвам у Кіеве.

“Я рады, што Беларусь, прадстаўніцтва Беларусі, зноў вяртаецца ва Украіну і вяртаецца ў Кіеў”, — сказаў дыпламат.

Офіс місіі дэмсіл Беларусі быў адкрыты 26 траўня ў цэнтры Кіева з удзелам беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у рамках яе першага візіту ва Украіну. Амбасада Беларусі ва Украіне выехала перад поўнамаштабным уварваннем расійскіх войск у лютым 2022 года. Памяшканне дыппрадстаўніцтва пустое. У той жа час амбасада Украіны ў Мінску працягвае працу. У тым ліку яно займаецца пытаннямі вяртання ўкраінцаў з расійскага палону праз Беларусь.

Падзяліцца: