Кіеў зрабіў выбар. Як украінскія СМІ асвятляюць візіт Ціханоўскай

27 траўня, Позірк. Кіеў абраў, з кім гаварыць пра агульную будучыню Украіны і Беларусі. Такі асноўны пасыл інфармацыйных і аналітычных артыкулаў ва ўкраінскіх СМІ пра візіт у краіну беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
Украінскія СМІ, як сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз, пішуць пра Ціханоўскую не як пра сімвал пратэстаў 2020 года, а як пра інструмент дыпламатыі і патэнцыйнага партнёра супраць “расійскай восі Масква — Мінск”.
Асноўны акцэнт у асвятленні візіту зроблены на сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, кантактах з МЗС Украіны, адкрыцці Офіса місіі дэмакратычных сіл Беларусі, каардынацыі дзеянняў супраць Расіі і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
У большасці паведамленняў украінскія выданні звяртаюць увагу на тое, што Ціханоўская пачала візіт з наведвання магілы беларускі Марыі Зайцавай, якая ваявала ў складзе 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна і загінула пад Бахмутам на паўднёвым усходзе Украіны.
У прыватнасці, акцэнт на гэтым зрабіла “Украінская праўда”, якая падрабязна асвятляла візіт Ціханоўскай.
Выданне цытавала словы дэмлідара, што перамога Украіны мае вырашальнае значэнне для будучыні Беларусі. Таксама падкрэслівалася: Ціханоўская выказала перакананне, што калі Беларусь стане свабоднай, “гарады і рэгіёны па абодва бакі мяжы адновяць сваё партнёрства і супрацоўніцтва”.
“Еўрапейская праўда” адзначыла, што Кіеў доўга пазбягаў кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, захоўваючы надзею, што гэта дазволіць паўплываць на Лукашэнку. Цяпер жа Украіна зрабіла свой выбар, падкрэслівае выданне, канстатуючы, што для ўкраінскай бяспекі Беларусь мае “надзвычайнае значэнне”.
Падкрэсліваючы, што ад Расіі “дэакупаваць Беларусь павінны самі беларусы”, СМІ заяўляе, што калі гэта адбудзецца — “геапалітычная карта зменіцца ў корані на карысць Украіны”.
“І самае галоўнае, гэта можа наблізіць і стратэгічную мэту Украіны — паслабленне і звяржэнне лукашэнкаўскай дыктатуры, што ў выпадку разумнай комплекснай і скаардынаванай палітыкі створыць магчымасць адарваць Беларусь ад Расіі і нівеліраваць паўночную пагрозу для нашай дзяржавы”, — падкрэслівае “Еўрапейская праўда”.
Выданне Цензор.НЕТ асвятляла візіт Ціханоўскай стрымана. Яно канцэнтравала ўвагу на асноўных падзеях візіту, а таксама на беларускіх добраахвотніках.
Адметна, што большасць каментарыяў пад навіной Цензор.НЕТ пра візіт Ціханоўскай у Кіеў аказаліся рэзка скептычнымі і раздражнёнымі, што можа сведчыць аб поглядах часткі аўдыторыі выдання.
Многія каментатары лічаць Ціханоўскую слабым і неэфектыўным лідарам, які не мае рэальнага ўплыву на сітуацыю ў Беларусі. Частка карыстальнікаў успрымае візіт як бескарысны сімвалічны жэст і задаецца пытаннем, навошта Украіна падтрымлівае кантакты з беларускай апазіцыяй.
Адначасова некаторыя ўдзельнікі дыскусіі нагадваюць пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, і заклікаюць не змешваць рэжым Лукашэнкі з беларусамі, якія падтрымліваюць Украіну.
Ціханоўская наведавала Украіну 25–26 траўня.
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць дзяцей у Беларусі з 2000 года скарацілася на велічыню, якая перавышае насельніцтва Гомеля (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка

