Мінск 22:14

Ураган знішчыў 70 гектараў лесу ў Гродзенскай вобласці

Відэа: тэлеканал "Гродна" Стоп-кадр: “Позірк”

2 ліпеня, Позірк. Каля 150 гектараў лясных насаджэнняў у Гродзенскай вобласці пашкодзіў 1 ліпеня ўраганны вецер з парывамі да 20 м/с, паведамляе тэлеканал “Гродна“.

Больш за ўсё пацярпелі Смаргонскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Навагрудскі і Ваўкавыскі лясгасы.

Адзначаецца, што 70 га патрабуюць суцэльнай санітарнай высечкі — дрэвы знішчаныя цалкам. Яшчэ 80 га маюць патрэбу ў выбарачных высечках, каб спыніць распаўсюджванне хвароб і шкоднікаў і захаваць якасць пакінутай драўніны.

Паводле слоў галоўнага ляснічага Гродзенскай вобласці Андрэя Шыкаўца, усе ўчасткі аператыўна возьмуць у распрацоўку. Лясгасы, адзначыў ён, пачалі працу адразу пасля атрымання інфармацыі: спецыялісты прыбіралі паваленыя дрэвы з аўтамабільных дарог і аб’ектаў інфраструктуры да позняй ночы і працягнулі раніцай.

Як паведамлялася раней, у выніку праходжання 1 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 м/с пацярпела шэсць населеных пунктаў у Гродзенскай і Мінскай абласцях.

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што пашкоджаныя дахі васьмі жылых дамоў і дзвюх гаспадарчых пабудоў.

У Гродзенскай вобласці зафіксавана 29 выпадкаў падзення дрэў на праезныя часткі аўтадарог. Дапамога супрацоўнікаў МНС спатрэбілася ў дзевяці раёнах рэгіёну: Ваўкавыскім, Воранаўскім, Гродзенскім, Навагрудскім, Іўеўскім, Ашмянскім, Свіслацкім, Смаргонскім, Шчучынскім, а таксама ў самім абласным цэнтры.

У Мінскай вобласці работнікі МНС тройчы выязджалі на распілоўку паваленых дрэў у Валожынскім раёне і Маладзечне, дзе дрэва пашкодзіла легкавы аўтамабіль. Пацярпелых няма.

1 ліпеня ў Беларусі адзначаны новы тэмпературны рэкорд дня: у Кобрыне (Брэсцкая вобласць) паветра прагрэлася да 37,1 градуса.

Падзяліцца: