Мінск 13:23

З-за непагадзі пацярпела шэсць населеных пунктаў

Здарэнне ў Маладзечне
Фота: kraj.by

Фота: kraj.by

2 ліпеня, Позірк. У выніку праходжання 1 ліпеня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 м/с пацярпела шэсць населеных пунктаў у Гродзенскай і Мінскай абласцях, паведаміла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пашкоджаныя дахі васьмі жылых дамоў і дзвюх гаспадарчых пабудоў. Вядуцца аднаўленчыя работы.

У Гродзенскай вобласці зафіксавана 29 выпадкаў падзення дрэў на праезныя часткі аўтадарог. Дапамога супрацоўнікаў МНС спатрэбілася ў дзевяці раёнах рэгіёну: Ваўкавыскім, Воранаўскім, Гродзенскім, Навагрудскім, Іўеўскім, Ашмянскім, Свіслацкім, Смаргонскім, Шчучынскім, а таксама ў самім абласным цэнтры.

У Мінскай вобласці работнікі МНС тройчы выязджалі на распілоўку паваленых дрэў у Валожынскім раёне і Маладзечне, дзе дрэва пашкодзіла легкавы аўтамабіль. Пацярпелых няма.

На 2 ліпеня Белгідрамет прагназуе неспрыяльныя ўмовы надвор’я: на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца навальніцы, месцамі пры навальніцах моцныя ліўні і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с. У Мінску чакаецца навальніца, днём пры навальніцы месцамі шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с, максімальная тэмпература паветра дасягне +33°з на паўднёвым усходзе краіны.

Паводле даных МНС, 29 чэрвеня з-за праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 22 м/с пацярпела 13 населеных пунктаў у васьмі раёнах Гомельскай вобласці і адзін населены пункт у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці.

У той жа дзень быў зафіксаваны тэмпературны рэкорд за ўвесь 145-гадовы перыяд інструментальных метэаназіранняў на тэрыторыі краіны — 40,4 градуса (у Пінску).

1 ліпеня ў Беларусі адзначаны новы тэмпературны рэкорд дня: у Кобрыне (Брэсцкая вобласць) паветра прагрэлася да 37,1 градуса.

Падзяліцца: