Мінск 23:33

У Савеце бяспекі Украіны адрынулі дачыненне Кіева да ўдару па аўтобусе Мінск — Анапа (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 6–8.

Ілюстрацыйнае фота: Yehor Milohrodskyi / unsplash.com

2 ліпеня, Позірк. Украінская армія “няўхільна выконвае законы і звычаі вайны і наносіць удары выключна па законных ваенных мэтах“, гаворыцца ў заяве Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (ЦПД СНБА) у сувязі атакай БПЛА на пасажырскі аўтобус Мінск — Анапа на беларуска-расійскай мяжы.

“Распаўсюд прапагандыстамі ўкідаў пра нібыта ўкраінскія напады на грамадзянскія аўтобусы з Беларусі — гэта свядомая правакацыя расіян, якія вельмі хочуць уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны, — адзначаецца ў заяве. — Беларускае грамадства не падтрымлівае дапамогу Расіі ў агрэсіі супраць Украіны”.

ЦПД СНБА не выключае, што ўдар нанесены РФ, бо “расіяне самі ажыццяўляюць такія правакацыі, <…> менавіта яны больш за ўсё зацікаўленыя ў выкарыстанні тэрыторыі Беларусі для вайны супраць Украіны“.

Адзначаецца, што “расійская прапаганда актыўна распаўсюджвае паведамленні пра нібыта ўдар украінскага БПЛА па беларускім аўтобусе на тэрыторыі Бранскай вобласці РФ“, не прыводзячы “ніякіх доказаў”.

Таксама ўказваецца, што згаданыя паведамленні публікуюцца праз два тыдні “пасля масавага распаўсюджвання фейка пра нібыта атаку ўкраінскага беспілотніка на беларускі аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай у той жа Бранскай вобласці“.

Генеральны штаб УСУ таксама адрынуў абвінавачванні ў дачыненні Украіны да атакі дрона на аўтобус Мінск — Анапа.

“Чарговая інфармацыйная атака Расійскай Федэрацыі адносна нібыта ўдару ўкраінскага БПЛА па пасажырскім аўтобусе Мінск — Анапа ў раёне мытнага пераходу Чырвоны камень Бранскай вобласці з’яўляецца свядомай і цынічнай правакацыяй Расійскай Федэрацыі, накіраванай выключна на тое, каб прыкрыць свой сённяшні злачынны тэрарыстычны ўдар па сталіцы Украіны”, — заявіў прэс-сакратар Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў.

“Генеральны штаб УСУ афіцыйна заяўляе, што Сілы абароны Украіны не наносілі ніякіх удараў па ўказаным грамадзянскім транспарце, а ўсе абвінавачванні з боку краіны-агрэсара з’яўляюцца абсалютна ілжывымі і сфабрыкаванымі”, — цытуе Кавалёва “Украінская праўда”.

Раней расійскія і беларускія СМІ і тэлеграм-каналы паведамілі пра ўдар беспілотніка па аўтобусе Мінск — Анапа ў пункце пропуску Чырвоны камень на мяжы Гомельскай і Бранскай абласцей.

Адзначалася, што ўдар быў нанесены 2 ліпеня ў 11:55 у раёне населенага пункта Чырвоная гара Бранскай вобласці. У аўтобусе знаходзілася 19 пасажыраў.

Два кіроўцы і адзін пасажыр атрымалі лёгкія раненні.

Першымі пра атаку паведамілі расійскія тэлеграм-каналы, якія распаўсюджваюць інсайдэрскую інфармацыю і, як мяркуецца, звязаныя са спецслужбамі РФ. Яны абвінавацілі ў тым, што адбылося, Узброеныя сілы Украіны.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі Рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння. Там жа былі ўдзельнікі мясцовай танцавальнай студыі.

Сярод людзей, якія суправаджалі дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.

Расійскі і беларускі бакі абвінавацілі ў атацы Украіну, у Кіеве дачыненне да інцыдэнту адмаўляюць.

Падзяліцца: