Мінск 17:49

Па факце гібелі дзяўчынкі-падлетка ў ДТЗ у Кобрынскім раёне распачатая крымінальная справа

Фота: dzr.by

10 ліпеня, Позірк. Крымінальная справа распачатая па факце гібелі ў аўтааварыі ў Кобрынскім раёне (Брэсцкая вобласць) дзяўчынкі-падлетка, паведамляе Следчы камітэт.

Следства вядзецца паводле ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Аб гібелі 15-гадовай дзяўчынкі ў ДТЗ у Кобрынскім раёне і траўміраванні яшчэ трох чалавек паведаміла раней УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 9 ліпеня каля 22:50 гадзін 22-гадовы кіроўца рухаўся на аўтамабілі BMW па аўтадарозе Р-127 “Кобрын — мяжа Украіны (Дзівін)” і на яе 28 км “не выбраў бяспечную хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем”. Ён з’ехаў у левы па ходзе руху кювет, дзе перакуліўся.

Непаўналетняя пасажырка загінула на месцы здарэння. Вадзіцель, 18-гадовы пасажыр і яшчэ адна 15-гадовая спадарожніца, шпіталізаваныя.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: