Мінск 21:24

“Сімвал вяртання дадому”. Ініцыятыва MALDZIS прадставіла ў Варшаве карціну Якава Балглея — мастака з Брэста, які ствараў у Парыжы побач з Шагалам

Фота: "Позірк"

14 ліпеня, Позірк. Карціну яскравага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва Якава Балглея, які паходзіў з Брэсту, прэзентавала ініцыятыва MALDZIS падчас другога Інтэлектуальнага фестывалю беларускай культуры “MALDZIS Фэст”, які адбыўся 13 ліпеня ў варшаўскім Музеі сучаснага мастацтва.

Карціна была набытая ініцыятывай на аўкцыёне ў Германіі сёлета ў траўні. Як адзначыў на прэзентацыі кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч, яна носіць назву “Партрэт жанчыны”, датуецца 1920–1930 гадамі, была створана ў Парыжы і з’яўляецца прыкладам позняй творчасці беларуска-французскага мастака.

Ён падкрэсліў, што дзякуючы намаганням MALDZIS і мецэнатам да беларусаў “вяртаецца не толькі карціна, але і імя мастака, які нарадзіўся ў Брэсце ў 1891 годзе ў сям’і рабіна”. Мацукевіч падзякаваў за набыццё карціны мецэнатам Паўлу Сеньчанку, а таксама двух мецэнатаў, якія пажадалі застацца невядомымі.

Паводле слоў Мацукевіча, Балглей падлеткам распісваў іконы, каб зарабіць на жыццё, пазней вывучаў медыцыну ў Санкт-Пецярбургу і архітэктуру ў Адэсе, але ў 1911 годзе пераехаў у Парыж. Там ён пасяліўся на Манпарнасе і прысвяціў сябе мастацтву.

У сталіцы Францыі, працягнуў Мацукевіч, разам з Маркам Шагалам, Хаімам Суціным, Амадэа Мадэльяні і іншымі мастакамі Балглей зрабіўся адным з яскравых прадстаўнікоў так званай Парыжскай школы мастацтва.

“Парыжскія крытыкі лічылі афорты Балглея (від печатнай графікі і разнавіднасць гравюры на метале. — “Позірк”.) аднымі з найлепшых, а музей Люксембурга яшчэ пры жыцці мастака набываў яго творы”, — падкрэсліў кіраўнік MALDZIS.

“Але ў Беларусі, — дадаў Мацукевіч, — яго імя на жаль амаль невядомае”. Ён звязаў гэта з тым, што “падзеі ХХ стагоддзя аказаліся нашмат мацнейшымі за нашу памяць”: у Халакосце загінулі ўсе родныя мастака, якія заставаліся ў Брэсце, а сам Балглей памёр даволі маладым 14 ліпеня 1934 года ад сардэчнага прыступу (ва ўзросце 43 гадоў).

“Пасля яго засталіся раскіданыя па свеце карціны, але не засталося таго месца ў беларускай культуры, якое ён заслужыў”, — адзначыў Мацукевіч.

У будучыні, паводле яго слоў, набыты MALDZIS твор плануецца перадаць у Музей гісторыі Брэста ў якасці “грамадскага падарунка”.

“Магчыма таксама, што гэтая маладая жанчына стане для нас сімвалам вяртання дадому, як у 2020 годзе іншая маладая жанчына, з іншага партрэта, іншага мастака родам з Беларусі стала сімвалам беларускага пратэсту (мелася на ўвазе карціна “Ева” мастака Хаіма Суціна.“Позірк”.)” — сказаў Мацукевіч.

Падчас фестывалю прайшлі размовы з пісьменніцай і Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, пісьменнікам Сашам Філіпенкам, кіраўніком Беларускага свабоднага тэатра Мікалаем Халезіным, мастаком і музыкантам Лявонам Вольскім, мастацтвазнаўцам Дзмітрыем Салодкім, выдаўцай Валянцінай Андрэевай, мастаком Андрэем Адамавым і іншымі беларускімі дзеячамі мастацтва.

Падзяліцца: