Ціханоўская паабяцала разам з камандай разабрацца ў сітуацыі з міжнароднай абаронай для беларусаў у Польшчы

18 ліпеня, Позірк. Разабрацца разам са сваёй камандай у сітуацыі з міжнароднай абаронай для беларусаў у Польшчы паабяцала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 18 ліпеня на сустрэчы ў рамках фэсту TUTAKA (урочышча Борык у польскім Падляскім ваяводстве).
Такім чынам яна адрэагавала на інфармацыю пра тое, што статыстыка станоўчых і адмоўных рашэнняў паказвае пагаршэнне сітуацыі для беларусаў.
“Я насамрэч таксама бачыла гэта ў навінах. <…> Палітычна мы не бачым ніякіх змен у дачыненні да беларусаў. <…> Я да сваёй каманды (юрыстаў перш за ўсё) звярнуся, з [намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета] Паўлам Паўлавічам [Латушкам] перагаворым, чаму такая тэндэнцыя ўвогуле, чаму адмаўляюць, можа падставаў менш, — сказала палітык. — Мы разумеем, што 2020, 2022 год адрозніваюцца ад 2026-га, калі, здаецца, быццам нічога не адбываецца, а людзі прыязджаюць і… Я так разумею, што калі людзі ў першы раз запытваюць пра абарону, ім адмаўляюць. Такое магчыма, бо не так шмат падстаў. З гэтым трэба разабрацца, зразумець, што за гэтым стаіць, чаму так адбываецца”.
“Дайце нам крышачку часу [разабрацца]. <…> Насамрэч, калі мы сустракаемся з польскімі палітыкамі, мы гэта заўжды прамаўляем, што беларусы тут не па сваёй волі, не звычайныя мігранты, гэта не тыя, хто прыязджае за лепшай доляй, а людзі, якіх выштурхнулі з краіны, таму трэба асаблівае стаўленне да беларусаў. Але ж будзем разбірацца, трэба праверыць, адкуль гэтая статыстыка, чаму так адбываецца, параўнаць з мінулымі гадамі, бо, можа, усё не так, як здаецца, а можа і так. Дайце нам крышачку часу”, — дадала яна.
Ціханоўская падкрэсліла, што ў Польшчы “палітычна няма ніякай устаноўкі, каб беларусам адмаўлялі” ў наданні міжнароднай абароны. Паводле яе слоў, АПК на нарадзе 21 ліпеня паглядзіць, “што з гэтым рабіць, у якое міністэрства звяртацца”.
Пра тое, што Польшча “рэзка знізіла выдачу міжнароднай абароны беларусам”, 17 ліпеня паведаміла выданне MOST, якое прааналізавала статыстыку Упраўлення па справах замежнікаў.
“У чэрвені вынесена 21 рашэнне пра наданне беларусам статусу ўцекача і яшчэ чатыры — пра дадатковую абарону. Пры гэтым негатыўныя рашэнні вынесеныя па 52 заявах, разгляд яшчэ 13 спраў прыпынены, — гаварылася ў публікацыі. — Такім чынам, у чэрвені доля адмоў у агульнай колькасці разгледжаных спраў дасягнула 57,8%, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным паказчыкам. Для параўнання: у студзені — траўні 2026 года доля негатыўных рашэнняў складала толькі 4,4%, у 2025 годзе іх было 5,5%, а ў 2024-м — 5,4%”.
“Сітуацыя стала рэзка мяняцца яшчэ ў траўні. Калі за першыя чатыры месяцы 2026 года беларусам сумарна адмовілі ў наданні абароны толькі па 14 справах, то ўжо ў траўні было вынесена 17 негатыўных рашэнняў”, — звярнулі ўвагу журналісты.
У кантэксце магчымых прычын пагаршэння статыстыкі MOST спаслаўся на апублікаваныя праваабаронцамі негатыўныя рашэнні згаданага ўпраўлення, з якіх “вынікала, што ведамства змяніла падыход да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі”.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская: Вельмі хутка, спадзяюся, адкрыем офіс у Варшаве (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства


