Мінск 19:59

Сем банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Фота: старонка "Альфа Банка ў Беларусі" ў "Фэйсбуку"

21 ліпеня, Позірк. Сем банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз актуальнай інфармацыі іх прэс-службаў.

“Альфа Банк у Беларусі” перастаў прымаць дэпазіты “Альфа Ўклад” у расійскіх рублях (адзыўны) на тэрміны 18 і 36 месяцаў. Акрамя таго, банк прыпыніў продажы дэпазіту “Альфа Парус” у беларускіх рублях.

Банк “БелВЭБ” увёў камісію за прыём гатоўкі ў расійскіх рублях з залічэннем на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак. Памер узнагароджання складзе 15% ад сумы залічэння. Камісія прымяняецца да ўсіх рахункаў, адкрытых у фінансава-крэдытнай установе.

“Беларусбанк” будзе спаганяць камісію за прыём наяўных грошай у расійскіх рублях для залічэння на бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі. Гаворка ідзе пра бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі, а таксама бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі, доступ да якіх забяспечваецца з дапамогай дэбетавай банкаўскай карткі, фізічных асоб — нерэзідэнтаў у расійскіх рублях (у тым ліку адкрытых у іншых банках). Памер узнагароджання складзе 15% ад сумы. Камісія спаганяецца ў беларускіх рублях паводле курсу, устаноўленага Нацыянальным банкам на дзень здзяйснення аперацыі.

“Белгазпрамбанк” увёў ліміты на папаўненне картак фізічных асоб, выпушчаных банкам: у тэрмінальным абсталяванні РУП “Белпошта” — у памеры 6 тыс. рублёў за суткі і 30 тыс. рублёў за месяц на адну картку; для нерэзідэнтаў у рамках прадукту “Разліковыя карткі” — у памеры 500 тыс. расійскіх рублёў за месяц.

“Сбер Банк” усталяваў часовы ліміт на папаўненне сваіх плацежных картак у тэрмінальным абсталяванні “Белпошты” — не больш за 1 тыс. рублёў за суткі. Без абмежаванняў па суме гэта можна зрабіць у аддзяленнях і прыладах самаабслугоўвання банка.

“БСБ Банк” прапануе кліентам дадаць свае карткі ў мабільны сэрвіс бескантактавай аплаты Swoo Pay проста з мабільнага дадатку банка. Адзначаецца, што Mastercard і “БСБ Банк” сталі “першымі ў свеце, хто рэалізаваў такую магчымасць для сваіх кліентаў”. Новая функцыя дазваляе “такенізаваць картку” непасрэдна ў дадатку банка і імгненна падключаць яе да сэрвісу Swoo Pay. Такое рашэнне, як заяўляецца, “значна спрашчае кліенцкі шлях, зводзіць да нуля верагоднасць памылак пры ўводзе даных і павышае бяспеку лічбавых плацяжоў”.

“Неа Банк Азія” ўстанавіў тарыф на пераводы грошай фізічных асоб на рахункі ў іншых банках у доларах у памеры 1% ад сумы (мінімум — 60, максімум — 400 долараў). У той жа час кліенты могуць бясплатна атрымаць выпіскі аб руху сродкаў па бягучым рахунку фізасоб на папяровым носьбіце за бягучы і папярэдні месяц.

На 1 чэрвеня ў краіне быў зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са 100-працэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 12 млрд 257,9 млн рублёў (+18,3% у гадавым вымярэнні).

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 чэрвеня 2026 года склала 68 млрд 245,2 млн рублёў — на 11,6% больш, чым на аналагічную дату 2025-га (61 млрд 134,9 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацбанка. Пратэрмінаваная запазычанасць склала 446,6 млн рублёў (зніжэнне ў 2 разы).

Падзяліцца: