Мінск 15:31

Мінчук, які знік напрыканцы верасня, знойдзены загінулым у Смалявіцкім раёне

Ілюстрацыя: ПВА "Анёл"

14 кастрычніка, Позірк. Цела 41-гадовага Аляксандра Наркевіча, які перастаў выходзіць на сувязь 29 верасня, знойдзена ўвечары 13 кастрычніка ў Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць). Пра гэта паведаміў пошукава-выратавальны атрад “Сірыус”.

Цела знойдзена ў забалочанай мясцовасці. Пошукі мужчыны працягваліся два тыдні.

Як паведамляе партал “Онлайнер”, Наркевіч пражываў у Мінску, працаваў гандлёвым прадстаўніком. Раніцай 29 верасня ён з’ехаў на працу, а пасля 15:00 перастаў адказваць на званкі. Апошні раз яго тэлефон быў актыўны ў раёне вёскі Кальнікі Смалявіцкага раёна.

У дзень знікнення мужчына звяртаўся па медыцынскую дапамогу.

Раніцай 30 верасня недалёка ад згаданай вёскі быў знойдзены яго аўтамабіль. Машына была зачыненая. У салоне не аказалася тэлефона, працоўнага планшэта, ключоў ад дзвюх кватэр і гаманца, якія Наркевіч узяў з сабой перад сыходам з дому.

Абставіны здарэння і прычына смерці не паведамляюцца.

У жніўні ў Гродзенскім раёне пасля больш чым тыдня пошукаў знайшлі загінулым 79-гадовага грыбніка. Цела было знойдзена за два кіламетры ад аўтамабіля. Паводле даных УУС Гродзенскага аблвыканкама, крымінальная версія гібелі не разглядалася.

Паводле даных Следчага камітэта, на 29 траўня 2026 года ў Беларусі лічыліся прапаўшымі без вестак 1.888 чалавек. Большасць з іх незадоўга да знікнення знаходзілася ў Расіі ці выязджалі туды.

Падзяліцца: