Мінск 00:05

Ціханоўская заклікала краіны АБСЕ супрацьдзейнічаць транснацыянальным рэпрэсіям

14 кастрычніка, Позірк. Супрацьдзейнічаць транснацыянальным рэпрэсіям мінскага рэжыму заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на тэматычным мерапрыемстве ў межах Варшаўскай канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ 14 кастрычніка ў Варшаве.

“Я прашу вас уключыць гэтую тэму ў парадак дня. Умацаваць супрацоўніцтва з беларускім дэмакратычным рухам. Наладзіць нашыя сувязі з вашымі ўстановамі, праваахоўнымі органамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Ціханоўская пералічыла асноўныя інструменты такога пераследу: уключэнне журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў у спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, што можа ствараць праблемы пры перасячэнні межаў, атрыманні віз і адкрыцці банкаўскіх рахункаў; ціск на сваякоў эмігрантаў ў Беларусі; завочныя суды; абмежаванне магчымасці атрымліваць і абнаўляць дакументы.

Таксама спікер узгадала выкарыстанне механізмаў Інтэрпола і міжнароднага вышуку для палітычна матываванага пераследу і “лічбавыя пагрозы”: “Боты, тролі і агенты рэжыму дзейнічаюць у інтэрнэце, каб пранікаць у супольнасці, пагражаць людзям і перашкаджаць іх працы”.

Падзяліцца: