Мінск 17:14

9 непаўналетніх асуджана ў першым паўгоддзі за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” — даныя Вярхоўнага суда

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

24 ліпеня, Позірк. У першым паўгоддзі 2026 года за ўчыненне злачынстваў асуджана 239 непаўналетніх — на 0,8% больш, чым за аналагічны перыяд 2025-га (237), вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда.

За злачынствы “супраць міру і бяспекі чалавецтва” асуджаны адзін падлетак — паводле арт. 1301 КК (рэабілітацыя нацызму).

За злачынствы “супраць жыцця і здароўя“ асуджана 14 непаўналетніх — на 27,3% больш, чым у першым паўгоддзі 2025-га (11). 6 чалавек прыгаворана за “наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання“ (арт. 147 КК; годам раней — 7), 5 — за “наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання“ (арт. 149; 3), 2 — за “наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання“ (арт. 153; 0), 1 — за “прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці“ (арт. 155 КК; 0).

Прысудаў за забойства паводле арт. 139 КК у першым паўгоддзі зафіксавана не было, у той час як годам раней за гэтае злачынства быў асуджаны адзін непаўнагадовы.

За злачынствы супраць “палавой недатыкальнасці або палавой свабоды“ асуджана 7 непаўналетніх (7): паводле арт. 166 КК за згвалтаванне — 1 (5), паводле арт. 167 за “гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару“ — 5 (2), паводле арт. 171 за “арганізацыю або выкарыстанне занятку прастытуцыяй альбо стварэнне ўмоў для гэтага“ — 1 (0).

За злачынствы супраць “асабістай свабоды, гонару і годнасці“ асуджаныя 2 непаўналетнія (у першым паўгоддзі 2025-га гэтая катэгорыя асобна не вылучалася): адзін паводле арт.183 КК за “незаконнае пазбаўленне волі“, другі — паводле арт. 186 за “пагрозу забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці“.

За злачынствы супраць уласнасці прыгаворана 115 непаўналетніх (96): за крадзеж паводле арт. 205 КК — 58 (52), за махлярства паводле арт. 209 КК — 15 (17), за крадзеж транспартнага сродку або маламернага воднага судна паводле арт. 214 КК — 8 (10), за “крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі“ паводле арт. 212 КК — 18 (9), за рабаванне паводле арт. 206 КК — 10 (3), за “наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой маёмасці” паводле арт. 218 КК — 2 (3), за вымагальніцтва паводле арт. 208 КК — 1 (2), за “прысваенне альбо растрату” паводле арт. 211 КК — 3 (0).

За злачынствы супраць “грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва” асуджаныя 22 падлеткі (46), з іх 19 — за злачынствы, звязаныя з незаконнымі дзеяннямі ў дачыненні да наркотыкаў паводле арт. 327–331, 332 КК.

За злачынстваў супраць “грамадскага парадку і грамадскай маральнасці“ прысуды прызначаныя 65 непаўналетнім (66). Большасць — 39 чалавек — асуджана за хуліганства паводле арт. 339 КК (37); 20 непаўналетніх асуджана за “выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з выявай непаўналетняга“ паводле арт. 3431 КК (7).

4 падлеткя асуджаныя за “загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы” паводле арт. 340 КК (6); па адным — за “апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці“ паводле арт. 341 КК (6) і “выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў“ паводле арт. 343 КК (1).

Адзін непаўнагадовы асуджаны за “стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй“ паводле арт. 2904 КК (0).

За злачынствы “супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання“ асуджана 12 непаўналетніх (7): 9 — за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці“ паводле арт. 3614 КК (2); па 1 — за “заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы“ паводле арт. 361, за “здзек над дзяржаўнымі сімваламі“ паводле арт. 370 КК (2) і за “прымус да выканання абавязацельстваў“ паводле арт. 384 КК (1).

З 239 асуджаных 22 чалавекі (9,2%) пазбаўленыя волі на пэўны тэрмін (летась — 53; 22,4%). Адтэрміноўка выканання пакарання прыменена да 54 асобаў (21); ўмоўнае непрымяненне пакарання — да 9 (9); прымусовыя меры выхаваўчага характару — да 57 (54).

Два чалавекі вызваленыя судом ад адбыцця пакарання (2); да 95 ужытыя іншыя меры пакарання (98).

Падзяліцца: