Мінск 09:54

Лукашэнка ў чарговы раз запрасіў Сі Цзіньпіна ў Беларусь

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін у Цяньцзіні 31 жніўня 2025 года
Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

1 кастрычніка, Позірк. Напярэдадні 35-годдзя ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Кітаем Аляксандр Лукашэнка аднавіў запрашэнне старшыні КНР Сі Цзіньпіну наведаць Беларусь з афіцыйным візітам у 2027 годзе.

“Ваш прыезд надасць юбілею асаблівы сімвалізм і стане пунктам адліку для новага этапу беларуска-кітайскіх стасункаў”, — гаворыцца ў віншаванні з Днём утварэння КНР, якое 1 кастрычніка апублікавала прэс-служба беларускага палітыка.

Лукашэнка падкрэсліў, што “Мінск высока цэніць паслядоўны курс Пекіна на міжнароднай арэне, скіраваны на падтрыманне глабальнай стабільнасці”.

“Пад вашым кіраўніцтвам Кітай упэўнена рухаецца да ўсебаковага адраджэння вялікай кітайскай нацыі, дэманструе ўражальныя поспехі ў развіцці прадукцыйных сіл новай якасці, умацаванні тэхналагічнага суверэнітэту і мадэрнізацыі эканомікі”, — адзначаецца ў пасланні.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, узаемаадносіны Беларусі і Кітая знаходзяцца “на беспрэцэдэнтным узроўні, вядзецца інтэнсіўны палітычны дыялог”. “Разам з ростам тавараабароту пашыраецца інвестыцыйная супраца, рэалізуюцца важныя для нашых краін праекты прамысловай кааперацыі. Актывізацыя гуманітарных і культурных кантактаў таксама пацвярджае трываласць усепагоднага стратэгічнага партнёрства”, — патлумачыў ён.

Лукашэнка рэгулярна накіроўвае запрашэнні кітайскаму лідару. Апошні раз Сі Цзіньпін наведваў Беларусь у траўні 2015 года.

Беларусь і Кітай у апошнія гады планамерна пашыраюць палітычную, эканамічную, а таксама вайсковую супрацу.

У чэрвені 2026 года Лукашэнка наведаў Кітай і сустрэўся ў Пекіне з Сі Цзіньпінам. Бакі дамовіліся працягваць умацоўваць “усепагоднае і ўсебаковае стратэгічнае партнёрства”, а 2026–2027 гады абвясцілі гадамі прамысловай кааперацыі Беларусі і Кітая. Кітайскі кіраўнік таксама выступіў у абарону “дзяржаўнага суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці” Беларусі, а таксама выбару “шляху развіцця, які адпавядае яе ўласным нацыянальным умовам”.

Незадоўга да гэтага — 12 траўня — Лукашэнка падпісаў новую дырэктыву аб развіцці супрацы з Кітаем на наступныя пяць гадоў. Дакумент прадугледжвае далейшае развіццё “ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства” і змяшчае практычныя задачы па пашырэнні беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння.

У студзені 2026 года палітык заявіў чыноўнікам, што ранейшая дырэктыва аб развіцці стасункаў з Кітаем на 2021–2025 гады не была выкананая. Ён даручыў падрыхтаваць новы дакумент і паставіў задачу павялічыць долю Кітая ў беларускім экспарце.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Кітаем былі ўсталяваныя 20 студзеня 1992 года.

Падзяліцца: