Мінск 14:43

17-гадовы жыхар Мінска абвінавачаны ў рэабілітацыі нацызму

20 кастрычніка, Позірк. 17-гадовы жыхар Мінска абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130¹ КК (рэабілітацыя нацызму), паведаміла 20 кастрычніка прэс-служба Следчага камітэта.

Аддзел СК па Фрунзенскім раёне сталіцы завяршыў вядзенне гэтай справы.

Сцвярджаецца, што на працягу 2 гадоў юнак, будучы “адміністратарам агульнадаступнага канала ў інтэрнэт-месенджары “Тэлеграм”, сістэматычна вырабляў і распаўсюджваў дэструктыўны кантэнт”.

Абвінавачаны, як заяўлена, размясціў больш за 40 публікацый, якія ўтрымліваюць “заведама ілжывыя звесткі, скіраваныя на апраўданне фашысцкай ідэалогіі, услаўленне прыхільнікаў Трэцяга рэйха, адмаўленне злачынстваў гітлераўскага рэжыму, а таксама гераізацыю кіраўніцтва нацысцкай Германіі і іх памагатых”.

Акрамя таго, ён “распаўсюджваў матэрыялы, якія распальваюць нацыянальную варожасць і рознь, ілюструючы тэкставыя паведамленні нацысцкай сімволікай і атрыбутыкай”. Змест размешчанай інфармацыйнай прадукцыі “сведчыў пра падзяленне і прапаганду поглядаў і ідэалогіі Гітлера”, гаворыцца ў паведамленні.

Малады чалавек, як заяўлена, “выхоўваўся ў поўнай сям’і, характарызаваўся высокай паспяховасцю ў навучанні і з’яўляўся ўдзельнікам прадметных алімпіяд, у тым ліку па гісторыі”. Гэтыя акалічнасці, сцвярджае СК, “сведчаць пра тое, што юнак меў дастатковы аб’ём ведаў, цалкам усведамляў характар і маштаб злачынстваў, здзейсненых нацыстамі на акупаваных тэрыторыях, а таксама бесчалавечную сутнасць нацысцкай ідэалогіі”.

Адзначаецца, што спецыялісты сталічнага ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз і члены Мінскай гарадской камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі правялі “экспертнае даследаванне размешчаных матэрыялаў”. Яны пацвердзілі “наяўнасць у публікацыях прыкмет праявы экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму”.

Юнак знаходзіцца пад вартай.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пад беларускім народам у кантэксце дакумента “разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За рэабілітацыю нацызму арт. 130¹ КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе штрафу, арышту, абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў. Санкцыя арт. 130² прадугледжвае аналагічны набор пакаранняў.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць тэму рэабілітацыі нацызму і генацыду беларускага народа для дыскрэдытацыі апанентаў.

Падзяліцца: