Мінск 08:37

Урад унёс у ПП НС праект змен у закон аб легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам

23 лістапада, Позірк. У Палату прадстаўнікоў унесены праект змяненняў у закон “Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння” паведамляе прэс-служба ўрада.

Прапануецца канкрэтызаваць паняційны апарат закону; удакладніць абавязкі і правы асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі; скарэктаваць парогавыя сумы фінансавых аперацый, якія падлягаюць асабліваму кантролю, і фінансавых аперацый, пры якіх праводзіцца ідэнтыфікацыя яе ўдзельнікаў, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай (ФАТФ).

Таксама законапраект прадугледжвае “актуалізаваць паўнамоцтвы органа фінансавага маніторынгу” і іншых дзяржорганаў, “у частцы захавання імі заканадаўства аб прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння”.

Галаўной камісіяй па законапраекце вызначана пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

Закон Беларусі № 165-З “Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння” быў прыняты 30 чэрвеня 2014 года.

Згодна з законам, у Беларусі адсочваюцца падазроныя аперацыі і здзелкі звыш парогавых значэнняў (ад 2 тыс. базавых велічынь для фізічных асоб і ад 20 тыс. БВ для юрыдычных асоб) з перадачай спецфармуляраў у ДФР КДК.

Тэматычныя абвінавачанні выкарыстоўваюцца ўладамі ў тым ліку для палітычна матываванага пераследу.

Падзяліцца: