Мінск 18:56

15-разовы чэмпіён Беларусі, удзельнік асноўных раўндаў еўракубкаў БАТЭ пакідае вышэйшую лігу

Фота: Daniel Norin / unsplash.com

28 лістапада, Позірк. Барысаўскі футбольны клуб БАТЭ пакідае вышэйшую лігу нацыянальнага чэмпіянату, у якой правёў 29 сезонаў запар — з 1998 года.

У 30 матчах цяперашняга першынства былы лідар беларускага футбола набраў 25 ачкоў і заняў перадапошняе 15-е месца.

Табліцу замкнуў наваполацкі “Нафтан” (17 ачкоў).

Месцы БАТЭ і“Нафтана“ ў новым сезоне зоймуць “Ніва“ з вёскі Даўбізна Камянецкага раёна (300 жыхароў) і “Ліда”. Дзяржынскі “Арсенал“, які заняў 14-е месца ў вышэйшай лізе, і “Слуцк”, які фінішаваў трэцім у першай лізе, згуляюць пераходныя матчы.

У тройцы прызёраў — “ МЛ Віцебск “(другое чэмпіёнства запар), мінскае “Дынама“ (другія срэбраныя ўзнагароды запар) і “Іслач” (першыя медалі ў гісторыі клуба) (68, 67 і 65 ачкоў адпаведна).

БАТЭ 15 разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, 7 разоў — срэбраным прызёрам, двойчы — бронзавым. Апошнія залатыя ўзнагароды былі заваяваныя ў 2018 годзе, калі пасля цяжкай хваробы ва ўзросце 52 гадоў памёр гаспадар клуба Анатоль Капскі. Яе пераемнікам стаў сын Андрэй Капскі. У кіраўніцтве клуба таксама дачка Капскага-старэйшага Алеся Кацярыніч.

Барысаўскі клуб пяць разоў выходзіў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў, чатыры разы — у групавы раўнд Лігі Еўропы, тры разы гуляў у 1/16 фіналу Лігі Еўропы.

У сезоне-2026 БАТЭ выйграў Кубак Беларусі. Вясной 2027 года барысаўчане разыграюць Суперкубак Беларусі ў матчы з чэмпіёнам “МЛ Віцебск“.

Падзяліцца: