Ініцыятыва “Белыя халаты”: Рэпрэсіі зазналі амаль усе медработнікі
26 снежня, BPN. Больш за 200 медработнікаў было звольнена ў 2021 і 2022 гадах з палітычных матываў. Такія звесткі прыводзяцца ў даследаванні “Практыка “забароны на прафесію” ў Беларусі ў 2020—2022 гадах”, якое правялі Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі і Лятучы ўніверсітэт.
Папулярныя формы збавення ад непажаданых — звальненне па ўласным жаданні, па дамове бакоў, непадаўжэнне кантракта. Са 170 медпрацаўнікоў, якія звярнуліся ў Фонд медыцынскай салідарнасці ByMedSol, 67 звольніліся пад ціскам, яшчэ 34 страцілі працу з-за непадаўжэння кантракта.
Рэальны маштаб палітычных звальненняў у медыцыне на парадак вышэйшы, заявіў BPN прадстаўнік ініцыятывы “Белыя халаты”, які ў інтарэсах бяспекі пажадаў застацца ананімным.
“Не існуе алгарытму, што дазваляе збіраць дакладную статыстыку на гэты конт. Пра выпадкі пераследу мы даведваемся, калі чалавек сам пра гэта паведаміў”, — зазначыў суразмоўца, заклікаўшы рэпрэсаваных працаўнікоў галіны запаўняць гугл-форму аб палітычна матываваных звальненнях, якую распрацаваў ByMedSol.
Паводле слоў прадстаўніка ініцыятывы, ускосна аб звальненнях можна меркаваць па колькасці афіцыйных вакансій у сферы аховы здароўя — недахоп лекараў складае каля 10%.
Згодна са звесткамі Белстата, забяспечанасць насельніцтва медработнікамі застаецца той жа, як і год таму. На пачатак 2022 года ў сістэме аховы здароўя працавала 55,2 тыс. урачоў-спецыялістаў (з іх практыкуючых — 42,9 тыс.) і 124,1 тыс. чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу.
На 10 тыс. чалавек прыпадае 46 практыкуючых урачоў і 134 сярэднія медработнікі.
У Рэспубліканскім банку вакансій на 23 снежня было 4.617 заявак на пошук урачоў-спецыялістаў (у канцы чэрвеня — 3.862).
Прадстаўнік “Белых халатаў” падкрэсліў, што рэпрэсіі — гэта не толькі пасадкі і звальненні. “Любыя выпадкі дыскрымінацыі — ужо рэпрэсіі. Напрыклад, неабгрунтаванае пазбаўленне прэміі, прымус уступаць у афіцыйны прафсаюз, падпісваць праўладныя лісты. Калі мы строга падыдзем да вызначэння рэпрэсій, то іх зазналі амаль усе медыцынскія работнікі Беларусі”, — заявіў суразмоўца BPN.
Паводле яго слоў, маштаб эміграцыі медыкаў, якія пакінулі працу па спецыяльнасці, дакладна ацаніць немагчыма. Ініцыятыве вядома, што ў адной Польшчы з 2020 года беларускім спецыялістам выдадзена каля 800 урачэбных ліцэнзій. “Гэта толькі тыя, хто ўжо пацвердзіў дыплом. Колькі людзей знаходзіцца ў працэсе або вырашыла змяніць спецыяльнасць, невядома”, — заявіў прадстаўнік “Белых халатаў”. Зыход спецыялістаў ён назваў “следствам глабальнага крызісу, у якім знаходзіцца наша сістэма аховы здароўя”.
Эксперт звярнуў увагу на праблемы арганізацыі меддапамогі, якія ўлады часта тлумачаць санкцыямі супраць Беларусі. “Санкцыі на медыцынскае абсталяванне або медпрэпараты не ўводзіліся, хоць менавіта імі Міністэрства аховы здароўя рэгулярна тлумачыць праблемы. Іх крыніца — у злачыннай халатнасці, а часам і ў злым намеры людзей, якія ўтрымліваюць уладу, а таксама ў бяздарным кіраўніцтве сістэмай аховы здароўя. Прыцягваць за вушы гісторыю з санкцыямі — цалкам маніпулятыўны ход прапаганды”, — падкрэсліў суразмоўца BPN.
Пры гэтым, зазначыў ён, у адыходзячым годзе ўзмацніліся ганенні на медыцынскі бізнес. Міністэрства аховы здароўя, спасылаючыся на выяўленне парушэнняў, прыпыняла работу не менш за дзевяць прыватных медцэнтраў: “Кравіра”, “Доктар Нема”, “ПлеядаМед”, “Тры Дантыста Плюс”, Dental Clinic, “Нардзін”, “ЛОДЭ”, “Клініка А1”, а таксама “Клініка “Мерсі”, будаўніцтва якой фінансавалася з удзелам Сусветнага банка.
Большасць медцэнтраў аднавіла наданне паслуг. У інтэрв’ю газеце адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня” міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што прыпыненне дзеяння ліцэнзій “ідзе бізнесу толькі на карысць”.
У той жа час “Белыя халаты” адзначаюць, што ў дзяржаўнай медыцыне паступова прыходзяць да таго, што “ў аперацыйнай старэйшаму хірургу гадоў 25, яго асістэнту — 23, а дыхальны апарат, які выкарыстоўваюць для знячулення, учора толькі чынілі на каленцы”.
Суразмоўца BPN падкрэсліў, што гэта “не антыўтопія, а штодзённая сітуацыя ў нашых лячэбных установах, дзе растуць чэргі на любую планавую медыцынскую дапамогу”.
Для падтрымкі людзей, якія маюць праблемы з доступам да медпаслуг з-за палітычнай і эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі, створана платформа “Е-здароўе”. Заснавальнік праекту лекар Уладзімір Свіркоў паведаміў BPN, што на платформе зарэгістравана 16.859 пацыентаў. Кансультуюць каля 150 урачоў, якія ў 2021—2022 гадах правялі 7.943 першасныя чаты. Большасць кансультацый бясплатныя, доля аплачаных — каля 20%. Судзячы па геаграфіі данатаў, каля траціны пацыентаў знаходзяцца ў Беларусі. У 2023 годзе платформа працягне працу, сказаў Свіркоў.
- Грамадства, ПалітыкаЛітва зафіксавала рэкордную за апошнія восем тыдняў колькасць спробаў парушэння мяжы з беларускага бокуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАмаль чвэрць мільёна беларусаў звярнуліся па дазвол на знаходжанне ў Польшчы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка