Мінск 17:45

Кавалеўскі абмеркаваў з уладамі ЗША падрыхтоўку новай версіі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі

3 кастрычніка, ПозіркПадрыхтоўку пятай версіі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, суверэнітэце і правах чалавека абмеркаваў з прадстаўнікамі ўладаў Злучаных Штатаў Амерыкі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі падчас нядаўняга візіту ў Вашынгтон.

Паводле інфармацыі прэс-службы АПК, абнаўленне дакумента заклікана актуалізаваць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі і дапамагчы прыняць новыя рашэнні у дачыненні да яе з боку ЗША.

Сярод іншага абмяркоўвалася тэма санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Кавалеўскі разам з экспертамі iSANS правёў шэраг сустрэч з чыноўнікамі Дзяржаўнага дэпартамента, парламентарыямі абедзвюх палат Кангрэса, прадстаўніком Савета нацыянальнай бяспекі пры Белым Доме, Міністэрства абароны ЗША.

Былі ўзнятыя пытанні “пагрозы незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці” Беларусі, абмеркавана “далейшае ўзаемадзеянне ў галіне знешняй палітыкі, перадусім у ААН”. Амерыканскі бок, паведамляе АПК, “адзначыў актыўную і паспяховую працу Святланы Ціханоўскай на тыдні высокага ўзроўню на Генасамблеі ААН”.

Падчас візіту Кавалеўскага “закраналася міграцыйная праблематыка, вызваленне палітычных зняволеных, дапамога грамадзянскай супольнасці, медыя і беларускім добраахвотнікам ва Украіне, падрыхтоўка спецыялістаў”, таксама быў абмеркаваны праект “пашпарта новай Беларусі”.

Згодна з інфармацыяй АПК, зараз рыхтуецца першая сустрэча ў рамках Стратэгічнага дыялогу Беларусі і ЗША (запланавана на снежань). 

10 ліпеня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з сенатарамі ЗША ў Вільнюсе заклікала разглядзець магчымасць прыняцця новай рэдакцыі Акта аб дэмакратыі ў Беларусі.

Кавалеўскі абмяркоўваў абнаўленне гэтага дакумента ў Кангрэсе падчас травеньскага візіту ў Вашынгтон. Тады АПК паведаміў, што акт “дакладна апіша сітуацыю” ў краіне і “ролю рэжыму” Лукашэнкі ў “агрэсіі супраць Украіны”, дасць ацэнку “злачынствам супраць беларусаў” і прапануе выканаўчай уладзе “новыя палітычныя захады і практычныя крокі для падтрымкі барацьбы беларускага народа супраць тыраніі”.

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў упершыню прыняты у снежні 2020 года. Дакумент дазваляе ўводзіць санкцыі супраць рэжыму і канстатуе яго нелегітымнасць.

Ён таксама пашырае сферы аказання дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, жанчынам, якія “выступаюць за свабоду і правы чалавека”, палітычным уцекачам, што ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі.

Падзяліцца: