be
Arrow
Мінск 02:19

Нацбанк 28 чэрвеня знізіць стаўку рэфінансавання да 9,5% гадавых

21 чэрвеня, BPN. Стаўка рэфінансавання 28 чэрвеня будзе зніжана з 9,75 да 9,5% гадавых, такое рашэнне прыняло праўленне Нацыянальнага банка 21 чэрвеня па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы.

Паводле інфармацыі прэс-службы рэгулятара, стаўка па крэдыце овернайт будзе зніжана з 10,75 да 10,5% гадавых, стаўка па дэпазіце овернайт – з 8,75 да 8,5% гадавых. 

У Нацбанку адзначылі захаванне тэндэнцыі “запаволення інфляцыйных працэсаў”.

“У траўні 2023 года спажывецкія цэны знізіліся адносна красавіка гэтага года на 0,3%. На гэтым фоне паказчык гадавой інфляцыі зменшыўся да 3,7% з 4,7% месяцам раней”, — адзначае рэгулятар. Назіраецца таксама “ўстойлівая дынаміка да запаволення асноўных кампанентаў індэкса спажывецкіх цэн”. 

“Гадавая базавая інфляцыя запаволілася да 3,3% з 4,6% у папярэднім месяцы, трэндавая інфляцыя — да 3,4% з 4,6%”, — гаворыцца ў паведамленні. 

Нацбанк прагназуе, што ў бліжэйшыя месяцы “на фоне чаканых нізкіх месячных значэнняў інфляцыі паказчык гадавога прыросту спажывецкіх цэн не перасягне ўзровень 5%” і ўказвае на “працяг аднаўлення беларускай эканомікі”. 

Праінфляцыйныя рызыкі, паводле інфармацыі рэгулятара, ацэньваюцца як умераныя, тады як тэмпы прыросту рублёвай грашовай масы застаюцца падвышанымі, “што шмат у чым звязана з працэсамі дэвалютызацыі эканомікі”.

Наступныя рашэнні па стаўцы рэфінансавання Нацыянальны банк будзе прымаць “з улікам фактычнай і чаканай дынамікі інфляцыі”, а таксама “ацэнкі рызык з боку ўнутраных і знешніх умоў і рэакцыі на іх фінансавых рынкаў”. 

28 лістапада 2022 года Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год, згодна з якімі стаўка рэфінансавання прадугледжана ў межах 10–11% гадавых. 

23 студзеня гэтага года стаўка была зніжана з 12 да 11,5%, 1 сакавіка — да 11%, 3 красавіка — да 10, 5%, 2 траўня — да 10%, 31 траўня — да 9,75%.

Падзяліцца: