Мінск 15:15

Ціханоўская заклікала настаўнікаў “працаваць сумленна і творча”, каб вучань “вырас добрым чалавекам”

Фота: sb.by

1 кастрычніка, Позірк. Не апускаць рукі і не губляць матывацыю “працаваць сумленна і творча” заклікала педагогаў дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, віншуючы іх 1 кастрычніка з прафесійным святам.

“Я думаю, для кожнага з вас вялікае шчасце, калі вучні знаходзяць сябе ў жыцці і дамагаюцца поспеху. Але самае галоўнае, каб кожны з іх вырас добрым чалавекам”, — адзначыла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, прафесію настаўніка “выбіраюць выключна па закліку сэрца”: “Сюды не ідуць пад прымусам, паколькі падрабіць любоў да дзяцей немагчыма. Тут няма вялікіх грошай і ўсеагульнай вядомасці. Праца выкладчыкам часта мае на ўвазе занятыя вечары і моцную эмацыйную нагрузку. Аднак гэта адна з самых светлых і патрэбных прафесій на зямлі”.

“Настаўнік — гэта пра вернасць прафесіі. Вы расказваеце дзецям пра сапраўдную гісторыю нашай краіны, яе герояў і сімвалаў, хоць улады пастаянна перапісваюць падручнікі. Вы цвёрда стаіце на сваім: 2х2 не можа раўняцца пяці, вайна не можа быць мірам, рабства ніколі не заменіць свабоду”, — сказала палітык.

Настаўнік, дадала яна,”гэта пра ўвагу”. “Толькі вы здольныя разгледзець у дзяўчынцы-ціхоні, што баіцца выступаць перад класам, будучую акторку. Падтрымаць вучня, які з першага разу не здаў нарматывы па фізкультуры, — і выгадаваць чэмпіёна свету. Знайсці падыход да цяжкага дзіцяці — і дапамагчы яму здабыць агульную мову з аднагодкамі”, — адзначыла Ціханоўская.

Педагога, на яе думку, характарызуе таксама “гатоўнасць аддаваць, не чакаючы нічога наўзамен”. “Вас могуць балюча параніць паведамленні ў бацькоўскіх чатах. Вы сутыкаецеся з крыўдамі вучняў з-за нізкіх ацэнак. Навучальны план, патрабаванне справаздач, штотыднёвыя гадзіны інфармавання забіваюць у педагогах ініцыятыву і крэатыўнасць. Але вы ўсё роўна кожны дзень вяртаецеся ў класы з усмешкай і верай у дзяцей. Верай у тое, што іх пакаленне вырасце лепшым, чым мы з вамі”, — падкрэсліла дэмлідар.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў 2020 года ўлады пачалі пашыраць ідэалагічны складнік у беларускіх школах. Многія настаўнікі падвергліся палітычнаму пераследу, “нядобранадзейных” звольнілі з сістэмы адукацыі.

У 2022 годзе адбыліся змены ў школьнай праграме. Сярод іншага ў адукацыйным працэсе сталі выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання аб “генацыдзе беларускага народа”, прадастаўленыя Генпракуратурай.

Разам з тым з праграмы ў розны час выключылі творы нобелеўскіх лаўрэатаў Святланы Алексіевіч і Аляксандра Салжаніцына, раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.

18 жніўня Лукашэнка даручыў Генпракуратуры і Камітэту дзяржкантролю стварыць маніторынгавую групу па тэме падручнікаў. Паводле яго меркавання, нездавальняючы якасць падручнікаў — сур’ёзная недапрацоўка Мінадукацыі на працягу шэрагу гадоў.

21 верасня на нарадзе ў Лукашэнкі былі анансаваныя змены ў Кодэкс аб адукацыі. Для замацавання маладых спецыялістаў у Беларусі будзе ўведзена адпрацоўка па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна, а для бюджэтнікаў яе тэрмін павялічаць.

Лукашэнка заявіў, што двух гадоў адпрацоўкі для бюджэтнікаў недастаткова і прапанаваў павялічыць гэты тэрмін да пяці, а для тых, хто навучаўся па мэтавым накіраванні — да сямі. “Спецыялісты непрымальна для краіны з’язджаюць за мяжу, а мы так гэта спакойна ставімся”, — аргументаваў ён сваю пазіцыю.На сёння адпрацоўка па размеркаванні абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, якія навучаліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца па мэтавым накіраванні, абавязаны адпрацаваць пяць і больш гадоў (у залежнасці ад тэрміну, прапісанага ў дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста), астатнія бюджэтнікі — два гады.

Падзяліцца: