Мінск 02:16

ЦВК акрэдытуе назіральнікаў АБСЕ, калі іх запросяць на выбары ў Беларусі — Карпенка

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка
Кадр з інтэрв'ю тэлеканала СТБ

21 лістапада, Позірк. Калі назіральнікі ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) будуць запрошаныя на выбары ў Беларусі, Цэнтрвыбаркам “правядзе неабходныя працэдуры па акрэдытацыі”, заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка 20 лістапада ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ.

Паводле яго слоў, запрашэнне назіральнікаў АБСЕ — “не кампетэнцыя Цэнтральнай выбарчай камісіі”. Карпенка адзначыў, што ЦВК, як правіла, запрашае кіраўнікоў цэнтральных выбарчых органаў краін СНД, партнёрскіх дзяржаў Міжнароднай асацыяцыі выбарчых органаў, “у якую ўваходзіць 111 краін”.

“Зразумела, што ўсе 111 краін мы запрашаць не будзем, але, ва ўсякім выпадку, мы маем намер запрасіць кіраўніцтва цэнтральных выбарчых камісій краін СНД”, — заявіў ён.

“Мы выбары праводзім для сябе, для сваёй краіны. Гэта наша ўнутраная справа, — сказаў кіраўнік ЦВК. — І ўжо сапраўды мы не абавязаныя справаздачыцца ні перад якімі еўрапейскімі структурамі — ні адносна нашага заканадаўства, ні адносна тых выбарчых працэдур, якія прадугледжаны выбарчым заканадаўствам. І мы гэтага рабіць адпаведна не будзем”.

25 траўня першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Тэорыя і практыка выбарчага працэсу” заявіў: 2Наспеў час па-новаму зірнуць на ўсе гэтыя ментарскія ацэнкі вынікаў выбараў і нашага заканадаўства, якія ідуць з ключавых еўрапейскіх палітычных арганізацый шэрагу краін”.

На яго думку, АБСЕ “дагэтуль так і не выпрацавала празрыстых адзіных стандартаў правядзення выбарчых кампаній”.

17 верасня Карпенка, кажучы пра назіранне за выбарамі, заявіў, што Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ “не мае нейкіх адзіных стандартаў адносна ацэнкі выбараў”, а выкарыстоўвае “розныя рэкамендацыі ў разрэзе той ці іншай краіны”, якія адрозніваюцца: “Гэтыя механізмы, на жаль, дэстабілізуюць абстаноўку ў некаторых краінах падчас электаральнай кампаніі. Мы маем намер прыцягваць і такія арганізацыі, як ШАС, БРІКС, АДКБ, якія таксама могуць выпрацаваць падыходы для ацэнкі электаральных працэсаў у краінах-удзельніцах”.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовыя саветы дэпутатаў 29-га склікання ўпершыню пройдуць у адзіны дзень галасавання, якім вызначана 25 лютага 2024 года.

Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу восьмага склікання адбудуцца 4 красавіка 2024 года. Вылучэнне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазней за 21 сакавіка 2024-га.

Падзяліцца: