Галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына трэці дзень нараджэння сустракае ў няволі

29 лістапада, Позірк. Трэці дзень нараджэння галоўны рэдактар — дырэктар незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына сустракае ў месцах пазбаўлення волі, дзе ўтрымліваецца 834 дні.
Кіраўнік БелаПАН і яе папярэднік на пасадзе дырэктара Дзмітры Наважылаў былі затрыманыя 18 жніўня 2021 года.
6 кастрычніка 2022 года Леўшына, Наважылаў, а таксама былы намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна, якія ўтрымліваюцца ў няволі з 12 студзеня 2021 года, паводле рашэння Мінскага абласнога суда былі прыгавораны да розных тэрмінаў турэмнага зняволення. Ляўшына атрымала 4 гады пазбаўлення волі па абвінавачанні ў стварэнні “экстрэмісцкага фармавання”, якім улады палічылі частку супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, створанай у лістападзе 1991 года (ч. 1 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса).
У апошнім слове перад вынясеннем прысуду Леўшына заявіла: “Рэдакцыю, у якой я прапрацавала амаль 30 гадоў, спрабуюць выставіць экстрэмісцкім фармаваннем, а мяне — яго стваральнікам і кіраўніком. Гэта поўнае трызненне, але гэта не дзіўна. За апошнія паўтара года ў Беларусі знішчаны дзясяткі сродкаў масавай інфармацыі, сотні журналістаў пазбавіліся працы або вымушаны былі з’ехаць з краіны, баючыся крымінальнага пераследу. Зачысткі на інфармацыйным полі беспрэцэдэнтныя і неймаверныя для цывілізаванай дзяржавы ў XXI стагоддзі. Нехта відавочна пераблытаў прычынна-выніковыя сувязі, вырашыўшы зрабіць журналістаў адказнымі за падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне ў 20-м годзе. Вось толькі мы ні да чаго не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасць была страмчэйшая за любую выдумку”.
6 студзеня 2023 года Вярхоўны суд, які разглядаў апеляцыю Леўшынай, пакінуў прыгавор у сіле.
Галоўрэд БелаПАН, якую праваабаронцы прызналі палітзняволенай, адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі. Працуе ў швейным цэху, аднак паводле заканадаўства, з сённяшняга дня мае права выйсці на пенсію: ёй споўнілася 58 гадоў.
“Самае складанае для мяне тут — гэта адарванасць ад Мінска, — прызнавалася Ляўшына ў адным з лістоў. — На ранейшым месцы мяне грэла думка аб тым, што зусім побач мая хата… Увогуле… Аказалася, што геаграфія мае значэнне, нават калі знаходзішся ў ізаляцыі”.
Сімвалічнай хроснай Леўшынай з’яўляецца дэпутат нямецкага бундэстага Мерле Шпелерберг. Яна неаднаразова выступала ў абарону сваёй падапечнай.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка



