Мінск 05:11

“Альфа Банк” спыніць пераводы ў еўра на рахункі польскага PKO Bank Polski

Фота: старонка "Альфа Банка" ў "Фэйсбуку"

1 снежня, Позірк. “Альфа Банк” у Беларусі спыніць SWIFT-пераводы ў еўра на рахункі кліентаў польскага банка PKO Bank Polski, паведамляе прэс-служба фінансава-крэдытнай установы.

Удакладняецца, што 11 снежня будзе спыненая адпраўка выходных плацяжоў, 16 снежня — уваходных.

Установа рэкамендуе сваім кліентам выкарыстоўваць сервіс пераводаў па нумары карты, які “працуе імгненна”.

Транзакцыі ў расійскіх рублях, кітайскіх юанях, казахстанскіх тэнге, армянскіх драмах спыненыя не будуць.

PKO Bank Polski — адзін з найбольш папулярных банкаў у беларускіх грамадзян, якія пражываюць у Польшчы.

“Альфа Банк” у Беларусі працуе з 1999 года (да лістапада 2008 года — “Банк міжнароднага гандлю і інвестыцый”) і ўваходзіць у структуру кансорцыума “Альфа-Груп”. У цяперашні час банкаўскаму холдынгу АВН Holdings S.A. належыць 99,9% акцый ЗАТ “Альфа-Банк”.

Па велічыні актываў, крэдытнага партфеля, сродкаў кліентаў, нарматыўнага капіталу банк уваходзіць у першую дзясятку найбуйнейшых банкаў у Беларусі.

Статутны фонд складае каля 101,4 млн рублёў.

7 красавіка 2022 года банк паведамляў, што абмежаванні, якія ўвялі ЗША ў дачыненні да “Альфа Банка” ў Расіі, не закранаюць яго дзейнасць. Падкрэслівалася, што “гэта асобны бізнес у складзе міжнароднага кансорцыума”, а таму ў дачыненні да яго і бізнесу ў Беларусі “якіх-небудзь абмежаванняў не ўводзілі”.

Восенню 2022 года Нацыянальны банк аднёс “Альфа Банк” да другой групы сістэмна значных банкаў на 2023 год.

Падзяліцца: