Сацдаследаванне: Доля беларускіх гараджан — прыхільнікаў саюза з РФ за год павялічылася да 43%

15 снежня, Позірк. Доля гараджан, якія выступаюць за саюз з Расіяй, за год павялічылася на шэсць працэнтных пунктаў — з 37 да 43%, сведчаць вынікі сацдаследавання “Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2023 годзе”, праведзенага сацыёлагамі Філіпам Біканавым і Канстанцінам Несцяровічам пры падтрымцы фонду Фрыдрыха Эберта.
У даследаванні ўдзельнічалі 1.205 жыхароў гарадоў, дзе пражывае ад 20 тыс. чалавек, ва ўзросце 18–65 гадоў. Даныя сабраныя 2–5 лістапада метадам анлайн-апытання.
Жаданне рэспандэнтаў, каб Беларусь арыентавалася на саюз з РФ, праяўляецца сярод іншага “ў падтрымцы інтэграцыі і сімпатыях да Расіі ў цяперашняй вайне” з Украінай, адзначылі аўтары даследавання.
“Такія ўстаноўкі звязаныя з распаўсюджанасцю расійска-савецкіх асаблівасцей ідэнтычнасці, грае ролю ўспрымальнасць да прапаганды, — падкрэсліў калектыў сацыёлагаў. — Напрыклад, да паловы беларусаў згодныя, што ва Украіне ва ўладзе знаходзяцца нацыяналісты і неанацысты. Акрамя таго, пераважныя ў грамадстве прыхільнікі дзейнай улады бачаць у Расіі палітычнага саюзніка”.
У той жа час нават удзельнікі апытання, якія сімпатызуюць ваенным дзеянням РФ, “не толькі не падтрымліваюць” уступленне Беларусі ў вайну, але і “схільныя выступаць за наладжванне сяброўскіх стасункаў” з Украінай у сферы гандлю, дыпламатыі, работы пагранічных службаў.
На ўзроўні канкрэтных крокаў прарасійскія сімпатыі выяўляюцца “дастаткова ўмеранымі”. “Пад інтэграцыяй яе прыхільнікі маюць на ўвазе хутчэй міждзяржаўнае супрацоўніцтва, а не зліццё ключавых дзяржаўных інстытутаў. Галоўным чынам гаворка ідзе пра навуку і тэхналогіі, візавую палітыку і іншыя сферы, дзе ў Расіі і Беларусі ўжо дастаткова шчыльныя стасункі”, — патлумачыў калектыў сацыёлагаў.
Акрамя таго, назіраецца дыстанцыяванне ад РФ у культурным плане. Большасць рэспандэнтаў, у тым ліку тых, хто настроены па-прарасійску, лічыць, што расіяне, якія прыязджаюць у Беларусь, павінны пераймаць мясцовую культуру і лад жыцця гэтак жа, як і людзі, што прыбываюць з іншых краін.
Паводле вынікаў даследавання, сумарны працэнт тых, хто выступае за саюз з ЕС і Расіяй, і тых, хто не жадае бачыць Беларусь у якім-небудзь саюзе, такі ж, як у прыхільнікаў расійскага вектара.
“Нейтралітэт і адасобленнасць” асабліва выяўляюцца ў дачыненні да расійска-ўкраінскай вайны. Большасць апытаных “не сочаць за ёй уважліва”, а каля траціны “не падтрымлівае ніводны з бакоў” або не мае меркавання на гэты конт. Гэта, на думку сацыёлагаў, “шмат у чым звязана з моцнай нагружанасцю ваеннай тэмы негатыўнымі эмоцыямі”.
Найменш распаўсюджаны праеўрапейскі вектар і прамая падтрымка Украіны ў вайне. Нават сярод праціўнікаў улады арыентацыю на Еўрасаюз падтрымлівае толькі палова. У цэлым за геапалітычны саюз з ЕС выказалася 10% апытаных (годам раней — 15%).
Беларускія гараджане ў цэлым горш ставяцца да ўладаў краін Захаду, чым да іх калегаў з Расіі, Кітая, Казахстана. Напрыклад, кіраўніцтва РФ станоўча ўспрымае 51% рэспандэнтаў, а Польшчы — 2%.
У той жа час да жыхароў Расіі станоўча ставіцца 81% апытаных, Казахстана — 73%, Кітая — 72%, Польшчы — 39%, Літвы — 38%, ЗША — 33%.
Аўтары даследавання адзначаюць, што долі рэспандэнтаў з пазітыўным і негатыўным стаўленнем да ўладаў Польшчы, Літвы і Латвіі “прыкладна аднолькавыя”. Такія паказчыкі могуць сведчыць “пра дастаткова моцную прыязнасць беларусаў” да заходніх суседзяў.
Да жыхароў Украіны пазітыўна ставіцца 48% апытаных, да кіраўніцтва гэтай краіны стаўленне хутчэй негатыўнае.
Найгоршае стаўленне ў параўнанні з астатнімі краінамі ў беларускіх гараджан да ЗША — як да жыхароў, так і да кіраўніцтва.
Беларусы прыкладна аднолькава пазітыўна ставяцца да Арменіі і Азербайджана, якія канфліктуюць паміж сабой, нязначная перавага ў Баку. Станоўчае стаўленне да жыхароў Арменіі выказалі 60% рэспандэнтаў, Азербайджана — 62%, кіраўніцтва гэтых краін — 26% і 28% адпаведна.
Аўтары даследавання адзначаюць, што “сёння апытанні на палітычную тэматыку ў Беларусі схільныя да рызыкі скажэнняў, паколькі людзі могуць баяцца выказваць меркаванні і расказваць пра дзеянні, якія цягнуць за сабою пераслед з боку дзяржавы”.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года колькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве зменшылася амаль на 12% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаУ трэцім квартале самыя дарагія ў ЕАЭС кароткатэрміновыя валютныя крэдыты былі ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаСуседнія краіны ЕС два дні запар не фіксуюць спробаў нелегальнай міграцыі з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка


