Мінск 18:08

Мінэнерга абвяргае інфармацыю агенцтва “Блумберг” аб няштатнай сітуацыі на БелАЭС у 2022 годзе

Фота: unsplash.com / Kilian Karger

19 снежня, Позірк. Спробай “дыскрэдытаваць нашы цёплыя адносіны з нашым старэйшым братам Расійскай Федэрацыяй” назваў інфармацыю агенцтва “Блумберг” (Bloomberg) аб няштатнай сітуацыі на Беларускай атамнай станцыі ў 2022 годзе намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Паводле заявы чыноўніка, “канструктыўнае ўзаемадзеянне” Беларусі і РФ “нарошчвае мускулы нашай эканомікі і павышае ўзровень жыцця нашых людзей”, а паведамленне агенцтва — “гэта чарговая спроба” дыскрэдытацыі праекта. Такія спробы, працягнуў ён, робяцца з моманту, калі Беларусь вырашыла ўзводзіць АЭС. Але “мы былі заўсёды адкрытыя для ўсіх міжнародных арганізацый”, падкрэсліў прадстаўнік Мінэнерга.

“Што тычыцца тых фактаў, якія скажаюць рэчаіснасць у частцы бяспекі, хачу сказаць, што, калі мы прымалі рашэнне аб збудаванні Беларускай атамнай станцыі, мы выдатна разумелі, што такое няправільнае абыходжанне з мірным, і не мірным, атамам. Кіраўнік дзяржавы нам з першых дзён паставіў жорсткую ўмову: бяспека — гэта галоўны прыярытэт пры будаўніцтве атамнай станцыі. Мы з гэтага зыходзілі”, — сказаў Міхадзюк.

Паводле слоў намесніка міністра, быў прыняты шэраг нарматыўных дакументаў, “і ўсе органы, якія маюць дачыненне да гэтых спраў, уважліва выконвалі наглядныя функцыі і патрабавальна вельмі падыходзілі да кожнага кроку пры рэалізацыі гэтага праекта”.

“Гэта вельмі складаны праект: і тэхналагічна складаны, і ў арганізацыйным плане. На ўсіх стадыях, калі мы бачылі, што можна даўдасканальваць, павысіць надзейнасць з улікам досведу эксплуатацыі аналагічных станцый ( … ), мы гэты досвед прымалі і дапрацоўвалі”, — адзначыў Міхадзюк.

“Выхопліваюць асобныя моманты рабочыя, якія былі падчас збудавання, і спрабуюць паднесці гэта як нейкую катастрофу. Няма ніякай катастрофы. Мы ні сабе не ворагі, і не ворагі нашым суседнім краінам, і разумеем сваю адказнасць перад нашымі дзецьмі, унукамі, перад будучымі пакаленнямі”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Міхадзюк заявіў, што” ў гэтым фэйку” (матэрыяле “Блумберга”. — “Позірк”.) паказваецца недахоп прафесійных кадраў для працы на АЭС. “Мы загадзя, яшчэ ў 2008 годзе, прынялі дзяржаўную праграму падрыхтоўкі кадраў, якая сёння дзейнічае для рэалізацыі ядзернай энергетычнай праграмы, і яна паспяхова рэалізавалася. Станцыя ў нас ўкамплектаваная цалкам штатам, неабходным для нармальнай эксплуатацыі станцыі”, — заявіў чыноўнік.

Раней сёння прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў таксама абверг дадзенае агенцтвам “Блумберг” вызначэнне выяўленай уцечкі смалы на першым контуры БелАЭС як няштатнай сітуацыі падчас працы станцыі, паколькі ў той час там праводзіліся пусканаладачныя работы.

18 снежня “Блумберг” са спасылкай на наяўныя ўнутраныя дакументы карпарацыі “Расатам” паведаміў, што ў 2022 годзе інжынеры, якія рыхтавалі да падлучэння новы рэактар для Астравецкай АЭС, выявілі праблему, праз якую “Расатам” 25 лютага 2022 года адклаў запуск энэргаблока. У матэрыяле згадваюцца і іншыя праблемы станцыі. Агенцтва адзначыла, што Беларусь стала “выпрабавальным палігонам” для новай канструкцыі рэактара, які “Расатам” экспартуе па ўсім свеце.

Падзяліцца: