Мінск 00:44

Інфляцыя за 2023 год не перавысіць 5,6% — першы віцэ-прэм’ер Снапкоў

Крыніца: pixabay.com

21 снежня, Позірк. Урад адзначае “стрыманы рост цэн” на большасць тавараў, заявіў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў 21 снежня ў Мінску на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

“За 19 дзён снежня цэны выраслі на 0,5%, — прыводзіць словы чыноўніка прэс-служба Лукашэнкі. — У асноўным гэта сезонны рост цэн на гародніну і імпартаваную садавіну. У цэлым па годзе інфляцыя ацэначна складзе 5,4–5,6%”.

Паводле інфармацыі Снапкова, на 70% тавараў, якія адсочвае Нацыянальны статыстычны камітэт, цэны растуць у межах 4%. З улікам тавараў, цана на якія рэгулюецца дзяржавай, гэты рост складае 2,7%.

Пры гэтым першы віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што “ў Беларусі большасць тавараў традыцыйна, ужо не першы год, таннейшая, чым у Расіі”.

“У гэтым, канечне, пэўная небяспека, — адрэагаваў Лукашэнка на гэтую рэмарку чыноўніка. — Людзі павінны разумець, што калі мы яшчэ ніжэй будзем трымаць цэны, а ў Расіі — вырастуць, тавар сыдзе. Мы гэта праходзілі”.

Снапкоў таксама заявіў, што спажывецкая актыўнасць насельніцтва “трымаецца на высокім узроўні”. “Рост спажывецкага крэдытавання вырас у 1,5 раза, крэдытавання на нерухомасць — на 60%, — сказаў ён. — Чысты продаж валюты насельніцтвам склаў 400 мільёнаў долараў. У краіне аднавіліся аб’ёмы продажаў пасля леташняга падзення. І найперш — тавараў працяглага карыстання”.

Паводле яго слоў, разам з высокай спажывецкай актыўнасцю назіраецца рост укладаў насельніцтва ў банках, пераважна рублёвых. З пачатку года яны склалі амаль 2,7 млрд рублёў (+25%).

“Выснова: інфляцыйныя чаканні насельніцтва знаходзяцца на нізкім узроўні. Маецца давер да грашова-крэдытнай палітыкі. Пры гэтым пакупніцкая здольнасць насельніцтва — адна з самых высокіх за апошнія гады”, — заявіў Снапкоў.

За сярэдні намінальны заробак, сцвярджае ён, зараз можна набыць на 60% больш свініны або мяса птушкі, чым у 2016 годзе, у 1,4 раза больш малака, бульбы — на 10%.

“Спажывецкі рынак характарызуецца стабільнасцю, асартымент тавараў вытрымліваецца, і перадумоў да дэфіцыту якіх-небудзь тавараў няма”, — падкрэсліў Снапкоў.

Паводле даных Белстата, спажывецкія цэны ў лістападзе 2023 года выраслі на 0,7%. Харчовыя тавары падаражэлі на 1,1%, нехарчовыя — на 0,4%, паслугі — на 0,2%.

За студзень — лістапад спажывецкія цэны выраслі на 4,9%: харчовыя тавары сталі даражэй на 5,2%, нехарчовыя — на 2,8%, паслугі — на 7,2%.

За апошнія 12 месяцаў (лістапад 2023-га да лістапада 2022-га) цэны выраслі на 5,4%: на харчовыя тавары — на 6,1%, нехарчовыя — 2,4%, паслугі — 8,2%.

Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год прадугледжваюць інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Урад разлічвае ўтрымаць рост цэн і тарыфаў у межах 6%.

Сёлета 10 сакавіка Лукашэнка загадаў ураду любымі спосабамі — “манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі” — “трымаць калідор” інфляцыі па выніках года “ў раёне 7%”.

Падзяліцца: