Мінск 02:56

Сахашчык, Ягораў і Пракоп’еў у “ненавагоднім віншаванні” заклікалі беларусаў удзельнічаць у выбарах КР

Злева направа: Валерый Сахашчык, Андрэй Ягораў, Вадзім Пракоп'еў
Скрыншот: ютуб-канал Вадзіма Пракоп'ева

31 снежня, Позірк. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, спікер Каардынацыйнай рады (КР) Андрэй Ягораў і адзін з заснавальнікаў беларускага дабравольніцкага палка “Пагоня”, былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў запісалі відэа з назвай “Ненавагодняе віншаванне”, у якім заклікалі беларусаў удзельнічаць у выбарах новага складу КР.

Пракоп’еў выступіў з Нью-Ёрка як “грамадзянін, які адчувае вялікую трывогу за стан нашых спраў”. “Калі нам <…> патрэбная ўласная дзяржава, трэба ратаваць становішча, — заявіў ён. — Украіна не стане трамплінам. Штаб у Вільнюсе не будуе цэнтр сілы, аддаючы перавагу працаваць Міністэрствам замежных спраў. МЗС — штука карысная, аднак ён не мяняе ўладу ў краіне, ён афармляе ўжо дасягнутыя дамоўленасці. Як жа нам справіцца з усімі гэтымі выклікамі? Ці засталіся добрыя хады?”

На думку Пракоп’ева, “парачка” такіх хадоў ёсць.

“Лукашэнка так старанна пазбаўляўся ад сотняў тысяч нязгодных, так азартна выціскаў “лішніх” людзей, што сфарміраваў цэлае войска беларусаў за мяжой. Разумных, таленавітых, самадастатковых і патрыятычных. Мы, беларусы за мяжой, аб’яднаўшыся ў рух, можам стаць буйной палітычнай сілай”, — перакананы актывіст.

Для пачатку, падкрэсліў ён, “нам усім варта ўзяць удзел у выбарах”, бо КР — “ужо існая легітымная структура”.

“Цяперашняя Каардынацыйная рада — гэта даволі пасіўны і слабы орган. Аднак з новым складам мы маем усе шанцы ператварыць яго ў працоўны інструмент, які служыць беларускаму народу. Я заклікаю ўсіх неабыякавых беларусаў ісці на выбары ў новую КР, як толькі правілы гэтых выбараў будуць абвешчаныя”, — сказаў Пракоп’еў.

Ён лічыць, што ў новым складзе рады павінны быць “прадстаўлены ўсе” — “увесь спектр палітычных сіл, увесь набор ідэй”.

“Грамадзянскія актывісты і ўкраінскія добраахвотнікі, навукоўцы і юрысты, эксперты і бізнесмены, радыкалы і пацыфісты, нацыянал-рамантыкі і прагматыкі — усе павінны сабрацца ў адным месцы”, — удакладніў былы рэстаратар.

“І тады, — дадаў ён, — у змястоўнай, але паважнай дыскусіі ў нас ёсць шанец паправіць нашы справы, не руйнуючы і не абнуляючы таго, што было створана. Гэтыя два хады, новая працоўная Каардынацыйная рада і масавы рух дыяспар — гэта яшчэ не выйграная партыя. Але гэта моцны пачатак у вялікай гульні за будучыню краіны”.

У гэтай партыі, упэўнены Пракоп’еў, беларусы “павінны напампаваць палітычныя мускулы і замест статыстаў стаць, нарэшце, гульцамі”.

“Фігуры расстаўленыя, час пайшоў. Ход за намі. І няхай наступны год стане годам нашай дзяржаўнай мудрасці”, — падсумаваў экс-рэстаратар.

Ягораў звярнуўся да суайчыннікаў з польскага горада Свебадзін, падкрэсліўшы, што “ўсіх беларусаў і беларусак аб’ядноўвае не толькі прыналежнасць да нашай нацыі”, але і “вера ў наш агульны поспех, у нашу агульную перамогу”.

“Адной веры, вядома, недастаткова, — адзначыў спікер КР. — Нам патрэбныя дзеянні. Нам патрэбны план перамогі. І мы можам вам яго прапанаваць. Гэта план аб’яднання ў сапраўды масавы рух сотняў тысяч беларусаў, якія гатовыя працягваць барацьбу. І гэта план стварэння нашага протапарламента, які стане маяком для тых, хто змагаецца ўнутры Беларусі. Такім протапарламентам павінна стаць абраная беларусамі Каардынацыйная рада”.

Упершыню за 30 гадоў, заявіў Ягораў, “мы можам сфармаваць інстытут, які будзе сапраўды абраны беларусамі і які стане асновай для нашага сапраўднага цэнтра сілы, які стане магутнай палітычнай альтэрнатывай”.

Назваўшы раней прапанаваную сістэмы выбараў у КР “неідэальнай”, ён высунуў уласны варыянт абрання членаў рады — “прамыя прапарцыйныя выбары без квот” — і выказаў надзею, што “калегі пачуюць <…> і прымуць правільнае рашэнне”.

“Беларусы, я заклікаю вас удзельнічаць у выбарах, абіраць і абірацца. Толькі так, вярнуўшыся ў палітычную актыўнасць, мы атрымаем шанец не праспаць наступнае акно магчымасцяў і вызваліць нашу краіну ад тыраніі. Толькі так наступны год стане годам перамог, а не страчаных магчымасцяў”, — сказаў спікер КР.

Сахашчык запісаў выступ з Кіева, заявіўшы пра “глыбокую ментальную сувязь з усімі беларусамі, якія сёння змагаюцца за лепшую будучыню для нашай радзімы”, з “героямі — беларускімі добраахвотнікамі, якія ў складзе Узброеных сіл Украіны ў неймаверна складаных умовах абараняюць гонар нашай нацыі і знішчаюць агульнага ворага — расійскага агрэсара”, “з героямі — беларускімі палітвязнямі, якія паказваюць сваю волю і нязломны характар, устойліва пераносячы катаванні лукашэнкаўскіх вертухаяў”.

Паводле слоў Сахашчыка, ён таксама адчувае адзінства з “кожным беларусам, які штодня здзяйсняе свой маленькі грамадзянскі подзвіг, дапамагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго, паказваючы маральную перавагу над Лукашэнкам і яго бандай, якія сілай захапілі і ўтрымліваюць уладу пасля прайграных выбараў”.

Прадстаўнік АПК падкрэсліў важнасць абрання новага складу КР, які будзе “сапраўды прадстаўляць волю народа”, ” падсправаздачны народу” і “ўпэўнена павядзе беларускі народ да лепшай будучыні”.

“Давайце зробім так, каб генакодам беларусаў была ўзаемная падтрымка, узаемная дапамога, давер і жаданне дапамагаць адзін аднаму. Уладкаванне правільных інстытутаў дэмакратыі, стварэнне сістэмы стрымак і проціваг, сістэмы падзелу галін улады, застрахуе нас ад фатальных памылак і дазволіць упэўнена рухацца наперад”, — упэўнены палітык.

Паводле яго пераканання, перамены ў Беларусі непазбежныя. “Але якімі будуць гэтыя перамены? Гэта вельмі моцна залежыць ад нас з вамі. Я віншую вас з надыходзячым Новым годам. Жадаю ўсім міру, дабра і дабрабыту. Мы абавязкова пераможам. У нас усё будзе выдатна”, — рэзюмаваў Сахашчык.

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць у 2024 годзе. Дата пакуль не вызначаная.

Гл. таксама:

КР паведаміў аб стварэнні аргкамітэта па выбарах у свой склад

Дзевяць членаў Каардынацыйнай рады патрабуюць роспуску яе цяперашняга складу

Падзяліцца: