Мінск 23:31

Беларускія вайскоўцы выправіліся ў РФ пераймаць досвед вайны ва Украіне

Скрыншот: відэазапіс адпраўкі беларускіх вайскоўцаў з тэлеграм-канала Мінабароны

15 студзеня, Позірк. Беларускія вайскоўцы “пройдуць навучанне” на тэрыторыі Расіі, паведаміла 15 студзеня прэс-служба Міністэрства абароны.

“Падчас заняткаў акцэнт будзе зроблены на досвед, набыты Узброенымі сіламі Расіі ў ходзе вядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі”, — гаворыцца ў паведамленні. Тэрмінам “спецыяльная ваенная аперацыя” расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, развязаную РФ у лютым 2022 года.

Паводле інфармацыі Мінабароны, пасля навучання беларускія вайскоўцы “ў якасці інструктараў па найбольш складаных прадметах баявой падрыхтоўкі будуць перадаваць атрыманы досвед падраздзяленням Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь”.

Колькі беларускіх вайскоўцаў выпраўлена ў Расію, не паведамляецца. На апублікаваным прэс-службай ваеннага ведамства відэазапісы бачна не менш як 40 чалавек.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з’яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

Падзяліцца: