Мінск 12:38

Дакладчык ПАСЕ: Рэжым Лукашэнкі — найбольш рэпрэсіўны ў Еўропе (дапоўнена)

Кіма Кільюнен
Фота: ПАСЕ

25 студзеня, Позірк. “Найбольш рэпрэсіўны рэжым у Еўропе сёння — гэта рэжым [Аляксандра] Лукашэнкі”, — заявіў фінскі парламентарый Кіма Кільюнен, прадстаўляючы свой даклад аб Беларусі на сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 25 студзеня ў Страсбургу.

Ён адзначыў, што пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе беларусы выйшлі на мірны пратэст супраць іх вынікаў. “Большасць людзей у краіне лічылі, што Святлана Ціханоўская выйграла выбары”, — сказаў Кільюнен і дадаў, што такое стаўленне насельніцтва дало падставы заходнім краінам не прызнаваць легітымнасць Лукашэнкі.

Кільюнен падкрэсліў, што пасля прайграных выбараў рэжым Лукашэнкі сістэматычна знішчае ўсе магчымасці для любой актыўнасці ў краіне, у тым ліку палітычную дзейнасць і працу НДА.

“А ўдзел рэжыму ў расійскім уварванні ва Украіну, прымусовая пасадка пасажырскага самалёта Ryanair і выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі паказалі, што ён таксама ўяўляе пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы”, — падкрэсліў дакладчык.

Нарвежскі парламентарый Ёнэ Блікра ад імя палітычнай групы сацыялістаў у ПАСЕ сказаў: “Мы ўсе бачым, што ў Беларусі існуюць глыбокія палітычныя рознагалоссі паміж рэжымам прэзідэнта Лукашэнкі і значнай часткай насельніцтва. Мы глыбока занепакоеныя тым, што любыя формы апазіцыі жорстка спыняюцца і што рэжым не падае прыкмет спынення палітыкі рэпрэсій”.

Блікра нагадаў, што рэжым надаў тэрыторыю Беларусі і яе паветраную прастору для Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны, а падпісанае нядаўна Лукашэнкам пагадненне з РФ аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі “ўзмацняе асцярогі з нагоды сітуацыі ў Беларусі і за людзей, якія там жывуць”.

“Рэжым апынуўся ў яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі пасля таго, як ЕС, ЗША і іншыя заходнія краіны ўвялі некалькі раўндаў санкцый. Дазвольце мне быць вельмі ясным: санкцыі працуюць. Менавіта таму надзвычай важна, каб асобныя еўрапейскія краіны не аслаблялі санкцыі самастойна. Гэта толькі аслабіць аб’яднаны ціск на ўлады Беларусі”, — падкрэсліў дэпутат.

Ён выказаў глыбокую занепакоенасць палітычнымі рэпрэсіямі ў краіне і вялікай колькасцю палітвязняў. “Мы будзем працягваць падтрымку іншых міжнародных арганізацый, якія працуюць над прасоўваннем правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Мы не спынемся патрабаваць вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у краіне”, — заявіў Блікра.

Поль Галь (Люксембург) ад імя групы Еўрапейскай народнай партыі адзначыў: “Мы выступаем за правы чалавека, дэмакратыю і вяршэнства закона. Усе яны парушаюцца рэжымам Лукашэнкі. Наш абавязак і наша сіла — кінуць выклік дыктатуры і быць гатовымі да новай будучыні гэтай вялікай краіны з яе вялікім народам і моцнай культурай”.

На яго думку, Савет Еўропы і ПАСЕ павінны яшчэ больш актыўна развіваць супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у тым ліку шляхам прызначэння спецпрадстаўніка па Беларусі і генеральнага дакладчыка па сітуацыі ў краіне, стварэння парламенцкіх груп дружбы.

“Мы будзем умацоўваць нашу падтрымку ўсіх дэмакратычных памкненняў беларусаў унутры і за межамі Беларусі, — сказаў Галь. — Мы рашуча вітаем планы дэмакратычных сіл па арганізацыі дэмакратычных выбараў. Мы хочам даць усе дэмакратычныя магчымасці і правы беларусам, уцекачам у нашы дэмакратычныя краіны — сябры СЕ, такія як пасведчанне асобы і праязныя дакументы, дазвол на працу, доступ да банкаўскіх рахункаў і многае іншае. Менавіта так дэмакратыя робіць сябе непазбежнай і яшчэ больш жаданай”.

Паўлін Латэм (Вялікабрытанія) ад імя групы еўрапейскіх кансерватараў і дэмакратычнага альянсу адзначыла, што “становішча беларускай дэмакратычнай сістэмы выклікае глыбокае расчараванне”: “Адна з канкрэтных праблем — маштабы палітычных зняволенняў пры рэжыме Лукашэнкі. Палітычнае зняволенне — гэта анафема для Злучанага Каралеўства. Мы не саджаем людзей за краты з-за таго, што не згодныя з імі. Прымушаючы замаўчаць апанента, вы проста паказваеце, што вы слабыя і нямоглыя і не можаце абгрунтаваць палітыку, якую хочаце праводзіць. Гэта не кажа пра мужнасць. Гэта паказвае страх”.

Яна таксама адзначыла, што доўгі час няма ніякай інфармацыі пра шэраг вядомых беларускіх палітвязняў, у тым ліку Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву і Сяргея Ціханоўскага.

Падзяліцца: