Мінск 12:35

Рэзалюцыя ПАСЕ заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і правесці свабодныя выбары (дапоўнена)

Фота: ПАСЕ

25 студзеня, Позірк. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы заклікае рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі ў Беларусі і вызваліць усіх палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якую ПАСЕ прыняла 25 студзеня на сесіі ў Страсбургу па выніках дакладу і дэбатаў аб сітуацыі ў краіне.

У дакуменце падкрэсліваецца, што ПАСЕ салідарная з усімі, хто пацярпеў ад злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, і пацвярджае сваю прыхільнасць падтрымцы і абароне правоў, свабод і бяспекі ўсіх беларусаў.

ПАСЕ адзначае, што пасля сфальсіфікаваных выбараў сітуацыя з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам закона ў Беларусі пастаянна пагаршаецца. “І без таго негатыўная тэндэнцыя ўзмацнілася ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў шырокамаштабнай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны — сур’ёзнага парушэння міжнароднага права, якое вымусіла асамблею прыпыніць усе стасункі з беларускімі ўладамі. Рашэнне рэжыму стаць саўдзельнікам Крамля ў гэтай агрэсіі рэзка кантрастуе з удзелам многіх беларусаў у падтрымцы Украіны”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Падкрэсліваецца, што жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі прывялі да “беспрэцэдэнтнай колькасці палітычна матываваных арыштаў, затрыманняў і шырокамаштабнага запалохвання апазіцыйных дзеячаў, журналістаў, актывістаў і праваабаронцаў”, паступаюць паведамленні аб катаваннях і жорсткім абыходжанні з палітвязнямі.

“Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа настолькі сур’ёзныя, шырока распаўсюджаныя і сістэматычныя, што могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці і патрабуюць поўнай адказнасці ў адпаведнасці з унутраным і міжнародным правам, — падкрэсліваецца ў рэзалюцыі. — У гэтай сувязі асамблея выказвае шкадаванне з нагоды крокаў, зробленых рэжымам для забеспячэння сваёй беспакаранасці, такіх як унясенне паправак у Канстытуцыю 2022 года, якія даюць прэзідэнту пажыццёвы імунітэт ад судовага пераследу, і дэнансацыя Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які пазбаўляе грамадзян Беларусі права падаваць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека”.

У дакуменце таксама адзначаецца: “Пагроза, якая зыходзіць ад рэжыму Лукашэнкі, выходзіць за межы Беларусі: выкарыстанне мігрантаў у якасці інструмента гібрыднай вайны супраць суседніх дзяржаў, перахоп і прымусовая пасадка рэйса FR4978 авіякампаніі Ryanair, удзел у агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны — гэта сур’ёзныя парушэнні міжнароднага права, а актыўная падтрымка гвалтоўнай дэпартацыі і перадачы ўкраінскіх дзяцей можа разглядацца як прыкметы ваенных злачынстваў. Усё гэта сведчыць пра тое, наколькі рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы”.

Акрамя таго, адмова Беларусі ад нейтралітэту і дазвол на размяшчэнне ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі, а таксама паслядоўная палітыка ўладаў па знішчэнні беларускай культуры, мовы і самабытнасці “пацвярджаюць, з аднаго боку, існаванне пагрозы бяспекі іншых краін, а з другога — выказаныя многімі беларусамі асцярогі, што незалежнасць і суверэнітэт іх краіны знаходзяцца пад пагрозай”.

ПАСЕ лічыць, што ў мэтах выканання сваіх абавязацельстваў па міжнародным праве, адпаведнасці каштоўнасцям Савета Еўропы і захавання свайго суверэнітэту і незалежнасці Беларусь павінна:

– неадкладна і безумоўна спыніць падтрымку Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны;

– устрымлівацца ад пагроз суседнім краінам любымі сродкамі, у тым ліку шляхам выкарыстання мігрантаў;

– прызнаць адказнасць за перахоп і прымусовую пасадку самалёта авіякампаніі Ryanair;

– спыніць рэпрэсіі, неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і забяспечыць іх рэабілітацыю;

– абвясціць амністыю для ўсіх арыштаваных па палітычных матывах;

– забяспечыць арганізацыю свабодных і справядлівых выбараў і мірную перадачу ўлады пасля іх правядзення;

– забяспечыць падзел галін улады, існаванне сістэмы стрымак і проціваг і поўную незалежнасць судовай сістэмы;

– распачаць крокі па абароне беларускай самабытнасці, культуры і мовы, а таксама па прызнанні і павазе правоў асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцяў;

– неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да краін — сябраў СЕ ўзмацніць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, стварыць і падтрымліваць праграмы дапамогі ахвярам гвалту, катаванняў і рэпрэсій, узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку шляхам укаранення эфектыўнай сістэмы санкцый.

Падзяліцца: