Мінск 23:39

”Кошт урада”: Павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык

Фота: "Позірк"

26 студзеня, Позірк. Павелічэнне ролі наяўных грошай у эканоміцы нясе шэраг пагроз і рызык — ад “росту аб’ёму ценявых плацяжоў і шэрых схем бізнесу” да “падвышэння рызыкі раскручвання інфляцыі і дэвальвацыі”, гаворыцца ў аналітычным матэрыяле праекта “Кошт урада”.

Паводле даных Нацыянальнага банка, аб’ём наяўных сродкаў у эканоміцы Беларусі з лютага 2022 года “імкліва павялічваецца”.

“Цяпер гэта ўжо 12,5% ад усіх грошай, у той час як раней было каля 8%. Рост нявызначанасці ў эканоміцы, вайна ў рэгіёне і перафарматаванне знешнеэканамічнай дзейнасці ўзмацняюць ролю наяўных грашовых сродкаў”, — канстатавана ў аналізе.

Эксперты нагадалі, што ў 2021 годзе аб’ём наяўных грошай у эканоміцы вырас на 596 млн рублёў (+14%), 2022-м — на 2 млрд 173 млн (+46%), за 2023-й — яшчэ на 2 млрд 581 млн (+48%). Рост іх аб’ёму, звяртае ўвагу “Кошт урада”, “практычна без прыпынку працягваўся з лютага 2022 года, з месячным перапынкам у кастрычніку 2023 года і рэзкім рыўком у снежні”.

Такая дынаміка “становіцца важнай прыкметай новых умоў функцыянавання беларускай эканомікі ва ўмовах геапалітычнай турбулентнасці, росту нявызначанасці і ўсё большай колькасці санкцый і цяжкасцей з безнаяўнымі плацяжамі”, гаворыцца ў матэрыяле.

Паводле даных Нацыянальнага банка, сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) за 2023 год вырасла на 37,44% і на 1 студзеня 2024-га склала 9 млрд 474,6 млн рублёў (на 1 студзеня 2023-га — 6 млрд 893,6 млн).

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) вырасла з 29 млрд 966,7 млн да 40 млрд 238,2 млн рублёў (+34,28%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 31 млрд 172,5 млн да 41 млрд 998,5 млн (34,73%), шырокая грашовая маса (М3) — з 61 млрд 239 млн да 75 млрд 668,5 млн (+23,56%); дэпазіты ў замежнай валюце скараціліся з 10 млрд 743,3 млн да 10 млрд 448,7 млн у эквіваленце (-2,74%).

Падзяліцца: