Мінск 15:20

Наступствы санкцый у сферы медаабсталявання “практычна цалкам удалося пераадолець” — Галоўчанка

Хаджаеў і Галоўчанка (злева направа)
Фота: прэс-служба Міністэрства аховы здароўя

26 студзеня, Позірк. Беларусі “практычна цалкам удалося пераадолець наступствы санкцыйных абмежаванняў у сферы паставак медабсталявання і вырабаў медпрызначэння”, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 26 студзеня на сустрэчы з калектывам Міністэрства аховы здароўя.

Галоўчанка, паводле інфармацыі прэс-службы Мінздароўя, прадставіў новага міністра — Аляксандра Хаджаева, які напярэдадні змяніў на пасадзе Дзмітрыя Піневіча. Задачамі міністэрства кіраўнік урада назваў сярод іншага “стварэнне цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя” і “выбудову эфектыўнай кадравай працы”.

“На сёння павінна быць праведзена тая праца, якая дасць нам дакладны адказ, што мы павінны зрабіць для таго, каб насельніцтва было задаволена якасцю аказання медыцынскай дапамогі і стаўленнем урачоў, персаналу да сябе як асобы”, — звярнуўся Хаджаеў да калектыву ведамства. Ён падкрэсліў, што якасная меддапамога павінна быць даступная ўсім.

Мінздароўя, сказаў чыноўнік, будзе высвятляць “прычыну незадаволенасці некаторай часткі насельніцтва якасцю аказання медыцынскай дапамогі”.

78,9% жыхароў Беларусі сутыкаюцца з працяглым чаканнем медабслугоўвання ў чэргах да лекараў, 33,5% — з некампетэнтнасцю медыкаў, сведчаць даныя даследавання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Кожны пяты (20,3%) сутыкнуўся з пастаноўкай няправільнага дыягназу і памылковым прызначэннем лекаў. 19,5% паскардзіліся на грубае стаўленне з боку ўрачоў і медперсаналу.

На пасяджэнні 154-й сесіі Выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) 24 студзеня ў Жэневе начальнік аддзела знешніх сувязей Мінздароўя Анатоль Грушкоўскі фактычна абвінаваціў краіны Захаду ў палітычным характары спынення паставак важных медыкаментаў.

У прыватнасці ён заявіў, што Дзяржагенцтва па рэгуляванні лекаў і прадукцыі аховы здароўя Вялікабрытаніі зацягвала працэдуру выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну — сродка для аблягчэння стану пацыентаў, якія пакутуюць на анкалагічныя захворванні і наступствы цяжкіх траўм. Чыноўнік прывёў яшчэ некалькі іншых прыкладаў.

У сакавіку 2023 года прадстаўнік СААЗ у Беларусі Сяргей Дыярдзіца, адказваючы на пытанне журналістаў, ці паўплывалі заходнія санкцыі на забеспячэнне насельніцтва лекамі, заявіў, што медпрэпараты дастаўляліся ў краіну, нягледзячы на цяжкасці лагістыкі.

На той момант міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч 16 траўня 2022 года заявіў, што перабояў з пастаўкамі замежных медыкаментаў няма. Разам з тым раней ён заклікаў СААЗ садзейнічаць пастаўкам у Беларусь лекаў і медыцынскага абсталявання, а таксама працягваць аказваць міжнародную тэхнічную дапамогу.

19 чэрвеня таго ж года першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Краткова прызнала праблемы з пастаўкамі замежных лекавых прэпаратаў з прычыны складанасці лагістыкі і аплаты, павелічэння тэрмінаў дастаўкі.

Падзяліцца: