Мінск 11:21

Рэжым Лукашэнкі перадае інтэрнэт пад кантроль Расіі — Латушка

Крыніца: pixabay.com

26 студзеня, Позірк. Для Беларусі ўзнікае новая пагроза ў выглядзе “паступовай перадачы нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт пад кантроль Расіі”, заявіў 26 студзеня кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Гэтую выснову палітык робіць на падставе пачатку працэсу па стварэнні цэнтра кібербяспекі сумесна з расійскай кампаніяй, звязанай са спецслужбамі РФ.

Яшчэ 14 лютага 2023 года, нагадвае Латушка, Лукашэнка падпісаў указ № 40 “Аб кібербяспецы”, якім прадугледжана стварэнне Нацыянальнага цэнтра кібербяспекі і падобных цэнтраў па ўсёй Беларусі, а загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку ад 11 лістапада — Цэнтр кібербяспекі, створаны Нацыянальным цэнтры абмену трафікам” (НЦАТ), стаў першай атэставанай структурай такога кшталту ў краіне.

“Літаральна за месяц да гэтага НЦАТ і расійская IT-кампанія Positive Technologies падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне развіцця кібербяспекі ў Беларусі, — паведаміў кіраўнік НАУ. — У межах гэтага супрацоўніцтва сумесныя намаганні павінны быць накіраваны на павелічэнне колькасці высокакваліфікаваных экспертаў па інфармацыйнай бяспецы і павышэнне дасведчанасці беларускіх кампаній аб абароне ад кіберпагроз”.

Латушка патлумачыў, што Positive Technologies яшчэ ў 2021 годзе, да поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войск ва Украіну, патрапіла пад амерыканскія санкцыі.

“За што? Усё проста — кампанія аказвала падтрымку расійскім дзяржарганізацыям і праводзіла форумы па практычнай бяспецы, дзе супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў маглі вербаваць хакераў. Пра гэта некалькі гадоў таму свету паведаміла амерыканская рэдакцыя Forbes. Таксама расійская IT-кампанія адзначылася ў гандлі тэхналогіямі, якія маглі быць выкарыстаны для ўзлому арганізацый і асобных асоб па ўсім свеце”, — адзначыў палітык.

Паводле яго слоў, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Positive Technologies трапіла пад дзеянне санкцый Еўрасаюза, а ў лістападзе 2023-га — апынулася ў санкцыйным спісе Украіны.

“І вось зараз гэтая кампанія прыйшла на беларускі рынак. І не проста прыйшла, а атрымала доступ у той самы НЦАТ — адзін з двух правайдэраў-манапалістаў у Беларусі, у якіх усе астатнія правайдэры купляюць трафік для выхаду ў інтэрнэт за межы Беларусі. Гэта значыць доступ да арганізацыі, якая па сутнасці займаецца кіраваннем беларускім інтэрнэтам”, — заявіў Латушка, нагадаўшы, што НЦАТ была створана ААЦ і з’яўляецца той структурай, якая “непасрэдна займалася блакіроўкай інтэрнэту ў жніўні 2020-га”.

“І вось зараз да гэтага “рубільніка”, да гэтай чырвонай кнопкі беларускага інтэрнэту, Лукашэнка дапускае Расію. Мэты рэжыму Лукашэнкі ў рамках яго разумення кібербяспекі зразумелыя — максімальна адсачыць і пракантраляваць кожны крок і кожнае дзеянне беларускіх грамадзян. І, вядома ж, арганізоўваць кібератакі, як гэта было зроблена ім зусім нядаўна ў адносінах да рэсурсаў дэмакратычных сіл. Дарэчы, гэтая атака адбывалася паралельна з кібератакай Расіі ў дачыненні да Украіны”, — упэўнены кіраўнік НАУ.

Паводле яго слоў, мэты РФ у дачыненні да беларускай кібербяспекі відавочныя — узяць яе пад кантроль, і гэты працэс “ужо пачаўся”.

Палітык лічыць, што Лукашэнку “варта было б добра падумаць, бо аднойчы рубільнік інтэрнэту ў Беларусі зноў можа выключыцца. Але кантроль над гэтым працэсам будзе ўжо ня ў ягоных руках. А мэтай гэтага выключэння можа стаць сам Лукашэнка”.

Падзяліцца: