Мінск 06:22

Праваабаронцы паведамляюць пра эпідэмію грыпу ў наваполацкай калоніі, дзе ўтрымліваецца шмат палітвязняў

Фота: unsplash.com

29 студзеня, Позірк. У наваполацкай папраўчай калоніі №1 (Віцебская вобласць), верагодна, эпідэмія грыпу, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, медчастка папраўчай установы перапоўненая, у атрадах №2 і №10 з вострай рэспіраторна-віруснай інфекцыяй “злегла палова асуджаных“. Удакладняецца, што гаворка ідзе пра “сотні чалавек”.

Праз эпідэмію зняволеным забаранілі тэлефонныя званкі.

Калонія размешчана ў старых бараках будаўнікоў заводаў “Нафтан” і “Палімір”. У 2014 годзе яе перапрафілявалі пад лячэбна-працоўны прафілакторый №8, а пасля ліквідацыі мінскай ПК у 2017 годзе — зноў у калонію.

У наваполацкай ПК адбывае тэрмін каля 190 палітвязняў. У тым ліку там утрымліваецца палітзняволены медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, прыавораны па “справе БелаПАН” да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама там утрымліваецца экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду 60-гадовы Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі. 26 красавіка 2023 года з’явілася інфармацыя аб шпіталізацыі Бабарыкі ў наваполацкую бальніцу са слядамі збіцця і пнеўматораксам.

Увечары 27 красавіка палітык усё яшчэ знаходзіўся ў бальніцы, праходзіў лячэнне ў хірургічным аддзяленні, быў у стане сярэдняй цяжкасці. У ліпені адміністрацыя наваполацкай калоніі паведаміла сваякам Бабарыкі, што ён знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). 17 ліпеня родныя палітвязня трапілі на прыём да адміністрацыі калоніі, там Ім сказалі, што яго здароўю “нічога не пагражае”.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, за каляндарны тыдзень з 15 па 21 студзеня, захворванне на ВРВІ, у тым ліку на грып, вырасла на 33%.

Падзяліцца: