Мінск 05:55

Летась каля 2 тыс. сталых жыхароў Літвы эмігравала ў Беларусь

Крыніца: unsplash.com / Yousef Alfuhigi

30 студзеня, Позірк. У 2023 годзе з Літвы эмігравала 22 тыс. сталых жыхароў, у тым ліку 12 тыс. замежнікаў і 10 тыс. грамадзян краіны, паведамляе LRT са спасылкай на літоўскае Дзяржаўнае агенцтва даных.

У параўнанні з 2022 годам (15,3 тыс.) колькасць эмігрантаў вырасла на 44%, аднак адзначаецца, што маштабы “павялічыліся ў асноўным за кошт украінцаў і беларусаў, якія пакідаюць краіну”.

“Летась 8 тысяч жыхароў з’ехалі ва Украіну, амаль 2 тысячы — у Беларусь. У 2022 годзе адпаведна гэтыя лічбы склалі 4,6 тыс. і 2,7 тыс.”, — паведамляе медыя.

Паводле наяўнай інфармацыі, “грамадзяне Літвы ў асноўным выправіліся ў Вялікабрытанію, Нарвегію, Германію, замежныя грамадзяне — ва Украіну і Беларусь”.

У 2023 годзе ў Літву прыехала 66,9 тыс. чалавек (-23,5% у параўнанні з 2022-м), доля замежных грамадзян — 75%.

“Большасць замежнікаў прыехалі ў Літву з Украіны, Беларусі ды іншых постсавецкіх дзяржаваў. Большасць грамадзян Літвы вярнуліся з Вялікабрытаніі, Нарвегіі і Германіі”, — гаворыцца ў паведамленні.

На пачатак ліпеня 2023 года ў Літве пражывала 58.347 грамадзян Беларусі — на 9.543 больш (+19,6%), чым на пачатак студзеня (48.804).

У Літве на 1 студзеня 2024 года пражывала 2 млн 886,5 тыс. сталых жыхароў (на 1% больш, чым годам раней).

Згодна з літоўскім заканадаўствам, сталы жыхар — фізічная асоба, сталае месца жыхарства якой на час падатковага перыяду знаходзіцца ў Літве; месцазнаходжанне асабістых, сацыяльных ці эканамічных інтарэсаў якой на час падатковага перыяду хутчэй знаходзіцца ў Літве, чым за мяжой; якое на час падатковага перыяду знаходзіцца ў Літве бесперапынна або з перапынкамі 183 дні ці больш, інш.

Падзяліцца: