Мінск 13:02

Амбасады Швецыі і Вялікабрытаніі заклікалі вызваліць медыяменеджара Аляксандрава

Калаж: Амбасада Швецыі ў Беларусі

5 февраля, Позірк. Вызваліць былога намесніка дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітзняволенага Андрэя Аляксандрава заклікалі 5 лютага амбасады Швецыі і Велікабрытаніі ў Беларусі.

“Журналіста і медыяменеджара зняволілі ў студзені 2021 года, судзілі за закрытымі дзвярыма і прыгаварылі да 14 гадоў зняволення паводле чатырох артыкулаў, у тым ліку за “здраду дзяржаве”. Салідарнасць — не злачынства. Фундаментальныя свабоды павінны быць гарантаваныя. Вызваліце Андрэя!” — гаворыцца ў ідэнтычных заявах замежных дыппрадстаўніцтваў.

Аляксандраў і яго сяброўка, а цяпер жонка Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд (суддзя Вячаслаў Тулейка, уключаны ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду) прыгаварыў іх да 14 і 9 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Аляксандраў быў абвінавачаны ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання” (ч. 1 арт. 3611), “здрадзе дзяржаве” (арт. 356), “нявыплаце падаткаў у буйным памеры” (ч. 2 арт. 243), “падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках” (ч. 2 арт. 342) Крымінальнага кодэкса, што выяўлялася ў пагашэнні штрафаў удзельнікам пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Злобіна абвінавачвалася ў “здрадзе дзяржаве” і “падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках”. Першы аштрафаваны на 1.000 базавых велічынь (на той момант 32 тыс. рублёў), другая — на 800 (25,6 тыс.).

Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Аляксандраў утрымліваецца ў наваполацкай калоніі № 1 (Віцебская вобласць). Раней вылучаў медзь з кабеляў, цяпер у цэху дрэваапрацоўкі збівае паддоны. 29 студзеня стала вядома, што ў калоніі, дзе знаходзіцца мужчына, верагодна, эпідэмія грыпу.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, медчастка папраўчай установы перапоўненая, у атрадах № 2 і № 10 з вострай рэспіраторна-віруснай інфекцыяй “злегла палова асуджаных“. Гаворка пра “сотні чалавек”.

Праз эпідэмію зняволеным забаранілі тэлефонныя званкі.

Інфармагенцтва БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў у 2014–2018 гадах, 1 лістапада 2021 года на падставе рашэння КДБ было прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Яно стала першым беларускім незалежным СМІ з такім статусам. Кампанія працавала з 1991 года.

Падзяліцца: