Мінск 21:56

Латвія не будзе адкрываць пункт пропуску Сілене на мяжы з Беларуссю

Рыга
Фота: pixabay.com

7 лютага, Позірк. Кабінет міністраў Латвіі прыняў рашэнне не аднаўляць працу пункта пропуску Сілене (Урбаны з беларускага боку) з 11 лютага, паведамляецца на сайце ўрада гэтай балтыйскай краіны.

Пункт пропуску быў зачынены, “зыходзячы з неабходнасці прадухіліць незаконныя спробы перасячэння латвійска-беларускай мяжы”, а таксама з мэтай мінімізаваць “магчымую пагрозу ўнутранай бяспецы Латвіі”, гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што вайна супраць Украіны, “развязаная Расіяй і якая адкрыта падтрымліваецца Беларуссю”, разглядаецца Рыгай як “дадатковы фактар рызыкі і магчымы стымул для Беларусі прадаўжаць свае намаганні ў дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы”.

“Улічваючы паспяховыя намаганні Латвіі па скарачэнні колькасці спробаў незаконнага перасячэння мяжы, узмоцнены рэжым памежнага кантролю ў цяперашні час працягвацца не будзе. За апошні месяц колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы была мінімальнай”, — падкрэслілі ў латвійскім урадзе.

Заяўляецца, што “пры неабходнасці ўзмоцнены рэжым працы сістэмы памежнага кантролю можа быць неадкладна адноўлены”.

У канцы студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі паведаміла, што не плануе працягваць узмоцнены рэжым аховы ў памежжы з Беларуссю, і прапанавала не аднаўляць працу пункта пропуску Сілене, закрытага 19 верасня 2023 года першапачаткова да 11 лютага 2024-га.

Пасля закрыцця Сілене перасячэнне мяжы з Латвіяй стала магчымым праз адзіны памежны пераход Патэрніекі (з беларускага боку Грыгароўшчына).

У 2023-м годзе Латвія спыніла 13 863 спробы незаконнага перасячэння мяжы, у 2022-м — 5 026.

6 лютага Камісія нацыянальнай бяспекі (КНБ) Літвы прапанавала спыніць рух тавараў, транспарту і людзей праз памежныя пункты пропуску Лаварышкес (Катлоўка на беларускім баку) і Райгардас (Прывалка).

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас і Твярачус (з беларускага боку — Лоша і Відзы адпаведна). Пазней літоўскае МУС прапаноўвала закрыць згаданыя ў прапанове КНБ пункты Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка).

На мяжы з Беларуссю яшчэ дзейнічае прапускны пункт Мядзінінкай (Каменны Лог).

Польшча на мяжы ў Беларуссю пакінула адкрытым для легкавых аўтамабіляў толькі пункт пропуску Цярэспаль (Брэст).

Падзяліцца: