Мінск 14:59

КДК накіраваў сілавікам 1,3 тыс. матэрыялаў пра грашовыя аперацыі, у тым ліку па “фінансаванні дэструктыўных сіл”

Крыніца: тэлеграм-канал КДК

8 лютага, Позірк. Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю (КДК) летась займаўся выяўленнем “падазроных фінансавых аперацый, звязаных з легалізацыяй злачынных даходаў і фінансаваннем супрацьпраўнай дзейнасці”. Пра гэта было заяўлена 8 лютага ў Мінску на выніковай калегіі КДК, паведамляе прэс-служба ведамства.

“Накіравана амаль 1,3 тыс. інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў праваахоўным і кантралюючым органам рэспублікі, падраздзяленням фінансавай выведкі замежных дзяржаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Акцэнт рабіўся на кантролі за фінансавымі аперацыямі з крыптавалютамі, па вываду сродкаў за мяжу, фінансаванні дэструктыўных сіл”.

Адзначаецца, што ў гэтым плане дэпартамент працаваў з Еўразійскай групай па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванні тэрарызму, а таксама Групай распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай (штаб-кватэра ў Парыжы).

Акрамя таго, паводле інфармацыі ведамства, Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК летась займаўся спыненнем “падатковых злачынстваў, каналаў фінансавання экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, выплаты зарплат “у канвертах”, нелегальнага абароту крыптавалют, супрацьдзеяннем карупцыі”. Сцвярджаецца, што выяўленыя 703 злачынствы, у тым ліку 369 цяжкіх.

Варта адзначыць, што КДК, як і іншыя сілавыя структуры Беларусі, замяшаны ў палітычна матываваных пераследах праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Як “фінансаванне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці” ўлады ў Мінску трактуюць сярод іншага пералічэнне сродкаў фондам салідарнасці, у дапамогу палітвязняў, на падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць на баку Украіны, ды інш.

Падзяліцца: