Мінск 22:07

Дэмсілы абмеркавалі з каардынатарам урада ФРГ “супрацьдзеянне спробам Расіі інкарпарыраваць Беларусь” (дапоўнена)

Злева направа: Павел Латушка, Робін Вагенер, Валер Кавалеўскі
Фота: прэс-служба АПК

дададзены абзацы 8–12

8 лютага, Позірк. Неабходнасць “сумесных публічных намаганняў па супрацьдзеянні спробам Расіі інкарпарыраваць Беларусь” абмеркавалі 8 лютага намеснікі кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Валер Кавалеўскі і Павел Латушка з “галоўнай кантактнай асобай” урада ФРГ для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Расіі і Беларусі ў выгнанні Робінам Вагенерам.

Вагенер з’яўляецца дэпутатам Бундэстага, кіраўніком парламенцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” і каардынатарам урада ФРГ па пытаннях супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Паўднёвага Каўказа, Малдовы і Цэнтральнай Азіі.

Як паведаміла прэс-служба АПК, у сустрэчы таксама ўзялі ўдзел “прадстаўнікі МЗС Германіі, нямецкай амбасады ў Польшчы, каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення” (узначальвае Латушка).

Суразмоўцы сярод іншага закранулі пытанні адказнасці Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму “за здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны”. Асобную ўвагу яны надалі пераследу прадстаўнікоў рэжыму з боку кампетэнтных органаў ФРГ у рамках універсальнай юрысдыкцыі.

Дэмсілы абмеркавалі пытанні большага санкцыйнага ціску на прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, патранажу Германіі над беларускімі спартсменамі-дысідэнтамі, аказання дапамогі для іх падрыхтоўкі і ўдзелу ў спаборніцтвах.

Перамовы таксама тычыліся “падтрымкі Германіяй беларускага дэмакратычнага руху ў барацьбе за свабодную і дэмакратычную Беларусь”, стасункаў з Украінай, узаемадзеяння ў рамках Еўрасаюза ў цэлым і на будучай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў прыватнасці, “магчымасць наступных крокаў” у развіццё рэзалюцыі Бундэстага, прынятай у лістападзе 2023 года.

Бакі абмеркавалі шляхі вырашэння міграцыйных праблем беларусаў у Германіі і краінах ЕС. Адзначана “важнасць практычных захадаў” па дапамозе беларусам у легалізацыі.

Перад ад’ездам у Варшаву Вагенер заявіў прэс-службе МЗС ФРГ, што “пасля падаўлення пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў 2020 года так шмат беларускіх актывістаў знайшлі ў Польшчы прытулак і падтрымку для працягу сваёй дзейнасці ў імя правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі”.

Паводле слоў нямецкага палітыка, яго задача — выслухаць асабістыя гісторыі і просьбы гэтых людзей, запэўніць іх у падтрымцы з боку Германіі і Еўропы. “Акрамя таго, неабходна вызначыць, як мы можам узмацніць падтрымку”, — сказаў прадстаўнік нямецкага ўрада.

Пасля сустрэчы з Латушкам і Кавалеўскім Вагенер напісаў на сваёй старонцы ў Х, што ўдзячны ім за дыялог. “Нашая цвёрдая салідарнасць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі непахісная. Мы разам змагаемся за дэмакратычную Беларусь і за мірную і свабодную Еўропу”, — адзначыў ён.

Каардынатар урада ФРГ таксама правёў у польскай сталіцы “важны абмен думкамі” з прадстаўніцай праекта politzek.me Інай Кавалёнак і членам аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам” (каманда прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, палітвязня Віктара Бабарыкі) Таццянай Кавалёнак.

“Наша падтрымка беларускага дэмакратычнага руху нязменная, і мы будзем узвышаць свой голас да таго часу, пакуль не будзе вызвалены апошні палітвязень, якіх больш за 1.500 (1.421 на позні вечар 8 лютага — “Позірк”.), — напісаў палітык.

Падзяліцца:
be