Мінск 17:42

Бундэстаг прыняў рэзалюцыю “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”

Будынак рэйхстага, дзезасядае бундэстаг
Фота: Бундэстаг / Jörg F. Müller

8 лістапада, Позірк. Урадавая кааліцыя (сацыял-дэмакраты, “зялёныя”, свабодныя дэмакраты) у парламенце Германіі (бундэстаг) па выніках дэбатаў 8 лістапада прыняла прапанаваную ёю ж рэзалюцыю “За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і”.

Дакумент “на знак салідарнасці” быў прадстаўлены не толькі на нямецкай, але і на беларускай мове, адзначыў у каментары “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, падчас дэбатаў, на якіх прысутнічала Ціханоўская, супраць рэзалюцыі выступіла толькі фракцыя праварадыкальнай партыі “Альтэрнатыва для Германіі”, фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў і левых устрымаліся пры галасаванні. “Аднак дэпутаты як урадавай кааліцыі, так і апазіцыйныя хрысціянскія дэмакраты, а таксама левыя віталі Ціханоўскую, называлі яе абраным прэзідэнтам. Такая аднадушнасць — добры сігнал”, — адзначыў дарадца.

ХДС/ХСС высунула на трэцяе чытанне сваю ўласную рэзалюцыю, якая была прапанавана яшчэ на пачатку года (“Вярнуць Беларусь у сям’ю еўрапейскіх народаў — падтрымаць імкненне людзей да свабоды”). Галасоў іншых фракцый яна ізноў не атрымала. “Альтэрнатыва для Германіі” беспаспяхова прапанавала ў парадак дня праект рэзалюцыі “Нямецкая палітыка ў дачыненні да Беларусі — вярнуцца да ўзважанасці і разумнага сэнсу”.

Ухваленая рэзалюцыя, лічыць Вячорка, можа быць выкарыстана як аснова для такіх рэзалюцый у парламентах іншых краін ЕС і агулам еўрапейскага кантынента. “Мы можам карыстацца ёй на перамовах з урадамі, каб яны падтрымлівалі беларусаў у выгнанні і на аснове гэтай рэзалюцыі фармавалі сваю стратэгію і палітыку. Гэта важнае для нас дасягненне падчас візіту Ціханоўскай у Германію”, — заявіў дарадца.

У рэзалюцыі гаворыцца, што вызваленне беларускіх палітвязняў — найвышэйшы прыярытэт палітыкі бундэстага.

У прэамбуле дакумента адзначана, што з лета 2020 года “беларускі рэжым ажыццяўляе беспрэцэдэнтную хвалю рэпрэсій супраць насельніцтва”. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года называюцца сфальсіфікаванымі, “па праву не прызнанымі Еўрапейскім саюзам”, а Аляксандр Лукашэнка — асобай, якая не мае якой-небудзь легітымнасці.

Аўтары акцэнтуюць увагу на “бесчалавечных умовах утрымання ў беларускіх турмах і папраўчых калоніях”. Згаданы даклад вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, што выйшаў на пачатку гэтага года, у якім пацвярджаюцца “сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, некаторыя з якіх могуць класіфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасці”.

У рэзалюцыі гаворыцца, гаворыцца, што Беларусь “стала базай і плацдармам расійскай арміі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны”, у чым бундэстаг бачыць парушэнне міжнароднага права. Размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі, на думку дэпутатаў, пацвярджае, што Лукашэнка “застаецца памагатым” прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым яны лічаць даказаным тое, што “беларускі рэжым з’яўляецца саўдзельнікам аднаго з самых жахлівых ваенных злачынстваў Расіі — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей”.

Падкрэслена, што большасць жыхароў Беларусі не падтрымлівае вайну: людзі арганізуюць “асобныя мужныя акцыі з мэтай сабатажу шляхоў забеспячэння расійскай арміі”, ва ўкраінскай арміі “ваюе шмат беларускіх добраахвотнікаў”, перакананых, што “без свабоднай Украіны не можа быць свабоднай Беларусі”.

У рэзалюцыі “рашуча асуджаюцца” падтрымка ўладамі ў Мінску вайны РФ супраць Украіны, іх “жорсткія дзеянні” супраць уласнага народа і “бязлітасны пераслед беларускага дэмакратычнага руху”. Асуджаюцца “ўсе выпадкі забойства крытыкаў рэжыму, выкраданні, палітычна матываваныя арышты і выракі, катаванні і сэксуальны гвалт”, а таксама “незаконнае асуджэнне палітвязняў, мэтанакіраванае знішчэнне кола іх родных і блізкіх, бесчалавечныя ўмовы іх утрымання ў турмах”.

Дэпутаты заклікаюць рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў, стварыць умовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў пад назіраннем АБСЕ, неадкладна спыніць падтрымку Расіі ў вайне супраць Украіны.

Яны таксама заклікаюць урад Германіі працягваць на ўзроўні ЕС і далей уводзіць персанальныя і сектаральныя санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў рэжыму ў Мінску і структур, якія яго фінансуюць; садзейнічаць “інтэнсіўнаму дыялогу” ў рамках кансультатыўнай групы ЕС і дэмакратычных сіл Беларусі; падтрымліваць інтэграцыю беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмсіл у праграму “Усходняе партнёрства”; рыхтавацца да будучыні Беларусі як дэмакратычнай і свабоднай краіны і “паслаць сігнал, што дэмакратычную Беларусь вітаюць у еўрапейскай супольнасці каштоўнасцяў”.

На думку бундэстага, салідарнасць беларусаў з украінцамі, а таксама “нястомныя намаганні дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці і Аб’яднанага пераходнага кабінета, якія стаяць у апазіцыі да дыктатара Лукашэнкі, ясна паказваюць, што альтэрнатыва дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі магчымая і што моцнае і разнастайнае беларускае грамадства не можа быць прыраўняна рэжыму”. Нямецкі парламент “цвёрда стаіць на баку ўсяго беларускага дэмакратычнага руху, Святланы Ціханоўскай і ўзначаленага ёю Аб’яднанага пераходнага кабінета”. Дэпутаты “ўдзячныя за іх мужнасць, сілу, стойкасць і барацьбу за еўрапейскія каштоўнасці”.

Ураду ФРГ прапанавана падтрымліваць беларускі суверэнітэт, мову і культуру, дэмакратычныя СМІ, праваабаронцаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія падвергліся рэпрэсіям; даваць прытулак пераследуемым грамадзянам і былым палітвязням; працягваць збіраць доказы “найбольш сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі” і выступаць за прыцягненне вінаватых да адказнасці; выдаваць беларускім грамадзянам, якія падвяргаюцца палітычнаму пераследу, прызначаныя для замежнікаў нямецкія праязныя дакументы.

Падзяліцца: