Мінск 10:26

СМІ: Алесь Бяляцкі ў зняволенні пазбаўлены перадач

Архіўнае фота: "Вясна"

2 ліпеня, Позірк. Заснавальнік праваабарончага цэнтра “Вясна” палітзняволены Алесь Бяляцкі пазбаўлены перадач, паведамляе “Радыё Свабода”.

Паводле крыніцы выдання, у красавіку — траўні Бяляцкага вярнулі з памяшкання камернага тыпу (ПКТ) калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць) у атрад. У ПКТ ён утрымліваўся з пачатку лістапада 2023 года.

Вядома, што Бяляцкі працуе на дрэваапрацоўцы.

Удакладняецца, што Бяляцкі не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў, не мае магчымасці рабіць відэазванкі са сваякамі. Зрэдку на волі ад яго прыходзяць лісты і паштоўкі. Пра стан здароўя Бяляцкага новай інфармацыі няма.

3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч — да 9, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч — да 7. Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.

Летась 21 снежня міжнародная юрыдычная група, якая займаецца сітуацыяй з Бяляцкім, падала петыцыю ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. На думку юрыстаў, праваабаронцу пратрымалі “без якіх-небудзь юрыдычных падстаў” 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, судовы працэс “быў азмрочаны абуральнымі парушэннямі належнай прававой працэдуры”.

Адзначалася таксама, што “з моманту арышту ў ліпені 2021 года Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сям’ёй, адвакатам і навакольным светам”.

У 2022 годзе Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. 10 снежня ў Осла прэмія была ўручана яго жонцы. На цырымоніі таксама прысутнічала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Паводле рашэння Нобелеўскага камітэта прэмія была падзеленая паміж праваабаронцамі: Бяляцкім, украінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод і расійскім таварыствам “Мемарыял”.

Падзяліцца: