Мінск 18:05

У Дзень незалежнасці 3 ліпеня МУС возьме пад кантроль “абсалютна ўсе” масавыя мерапрыемствы

Крыніца: прэс-служба МУС

1 ліпеня, Позірк. На час правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Дню незалежнасці, які адзначаецца 3 ліпеня, асабісты склад МУС пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы, заявіў на прэс-канферэнцыі 1 ліпеня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ведамства Сяргей Мірончык.

Паводле яго слоў, “супрацоўнікі будуць несці службу як у форменным абмундзіраванні, так і ў цывільным адзенні”.

“Абсалютна ўсе месцы правядзення масавых мерапрыемстваў будуць узятыя пад наш кантроль, у тым ліку з выкарыстаннем рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Таксама будуць узмоцненыя меры бяспекі на аб’ектах чыгуначнага і паветранага транспарту”, —  сказаў Мірончык

У “святочных лакацыях”, уключаючы месца правядзення вайсковага параду, будзе арганізаваная “праца кантрольна-прапускных пунктаў з асабістым даглядам грамадзян, а таксама рэчаў, якія знаходзяцца пры іх”, адзначыў прадстаўнік ведамства, дадаўшы, што ў МУС рэкамендуюць “не браць з сабой буйнагабарытную ручную паклажу”.

“Таксама ў ахоўную зону не будуць дапушчаныя асобы ў стане алкагольнага ап’янення, з забароненымі прадметамі, у тым ліку з роварамі, электрасамакатамі, а таксама з хатнімі жывёламі”, — падкрэсліў Мірончык.

Прадстаўнікі МНС і Міністэрства аховы здароўя, якія прысутнічалі на прэс-канферэнцыі, паведамілі, што 3 ліпеня па ўсёй краіне будуць дзяжурыць 3.500 ратавальнікаў і 1.300 адзінак спецыяльнай тэхнікі, а таксама больш за 800 брыгад хуткай дапамогі.

Папярэдні раз асабісты склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС пераводзіўся на ўзмоцнены варыянт нясення службы ў перыяд выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў 25 лютага. Тады ж заяўлялася аб працы сістэмы грамадскага маніторынгу бяспекі, у рамках якой абстаноўку па краіне адсочвалі звыш 30 тыс. відэакамер.

Падзяліцца: