Мінск 11:57

“Мінскэнерга” кампенсуе матэрыяльную шкоду пацярпелым ад прарыву трубы на вуліцы Жукоўскага

Ліквідацыя наступстваў аварыі на вул. Жукоўскага ў Мінску
Фота: "Мінскэнерга"

28 верасня, Позірк. “Пытанне матэрыяльнай шкоды для жыхароў, якія пацярпелі 27 верасня ад прарыву магістральнага вадаправода па вул. Жукоўскага ў Мінску, “будзе ўрэгуляванае ў штатным парадку”, паведаміла прадпрыемства “Мінскэнерга”.

Адзначаецца, што былі пашкоджаныя вокны ў кватэрах на 4-м і 5-м паверхах размешчанага побач шматпавярховага дома, таксама пацярпеў адзін аўтамабіль.

Як паведаміў намеснік галоўнага інжынера па працы з персаналам філіяла “Мінскія цеплавыя сеткі” прадпрыемства “Мінскэнерга” Андрэй Мацкевіч, у “Мінскэнерга” ёсць дагавор страхавання на выпадкі няштатных сітуацый, у адпаведнасці з якім будзе праведзена ацэнка шкоды і кампенсаваныя выдаткі. Кожны выпадак будзе разгледжаны індывідуальна.

“Мінскэнерга” паведаміла аб заканчэнні зварачных работ на месцы надзвычайнага здарэння, запаўненні цеплавой сеткі і яе ўключэнні ў 23.46 па мінскім часе. Жыхарам паабяцалі аднаўленне падачы гарачай вады “ў самыя кароткія тэрміны”.

27 верасня “Мінскэнерга” паведаміла аб парыве трубаправода ў раёне вул. Жукоўскага. Да месца здарэння былі накіраваныя чатыры аварыйныя брыгады Мінскіх цеплавых сетак.

Падзяліцца: