Мінск 15:51

Беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у РФ у вучэннях АДКБ

27 верасня, Позірк. Аб пачатку камандна-штабных вучэнняў з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы “Узаемадзеянне-2026”, “Пошук-2026” і “Эшалон-2026” паведамляе Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што вучэнні праходзяць “на палігоне ў Расійскай Федэрацыі”, у іх задзейнічаныя воінскія кантынгенты з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана.

На цырымоніі адкрыцця вучэнняў начальнік Аб’яднанага штаба АДКБ генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў (РФ) заявіў, што “якасная арганізацыя сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі з улікам вопыту сучасных узброеных канфліктаў”, а таксама “нарошчванне баявога патэнцыялу” сіл АДКБ, “аснашчэнне іх сучаснымі ўзорамі ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку беспілотнымі сістэмамі, сродкамі выведкі, РЭБ, удасканаленне арганізацыі супрацьпаветранай абароны з’яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ў перыяд старшынства Расійскай Федэрацыі ў арганізацыі”.

У паведамленні Мінабароны гаворыцца, што вучэнні “Узаемадзеянне-2026” нацэленыя на “адпрацоўку пытанняў падрыхтоўкі і правядзенне сумеснай аперацыі па лакалізацыі прыгранічнага ўзброенага канфлікту”.

На вучэннях “Пошук-2026” будуць адпрацаваныя “пытанні арганізацыі і вядзення выведкі ў інтарэсах КСАР АДКБ”.

Вучэнні “Эшалон-2026” прадугледжваюць “адпрацоўку пытанняў арганізацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння”.

Восеньскія вучэнні АДКБ анансаваў 27 жніўня генеральны сакратар арганізацыі Таалатбек Масадыкаў. Паводле яго слоў, пасля вучэнняў на тэрыторыі Расіі — у кастрычніку — вучэнні “Непарушнае братэрства” пройдуць у Беларусі.

На пачатку жніўня 2026 года начальнік дэпартамента міжнароднай вайсковай супрацы (МВС) — памочнік міністра абароны па пытаннях МВС Валерый Равенка паведаміў, што Аб’яднаны штаб АДКБ узгадніў задумы вучэнняў “Непарушнае братэрства” (Калектыўныя міратворчыя сілы) і “Бар’ер” (сумесныя фарміраванні радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, а таксама медыцынскага забеспячэння), якія пройдуць 12–16 кастрычніка на палігоне “Лосвіда” (месціцца за 13 км на паўночны захад ад Віцебска).

Варта адзначыць, на пачатку чэрвеня Міністэрства абароны заяўляла, што прадстаўнікі “зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў” Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, а таксама Аб’яднанага штаба і Сакратарыята АДКБ абмеркавалі ў Мінску дэталі гэтых вучэнняў. Тады было заяўлена, што бакі разгледзелі і ўзгаднілі “задумы вучэнняў, склады камандавання і нацыянальных кантынгентаў, парадак розыгрышу практычных дзеянняў, а таксама пытанні арганізацыі ўсебаковага забеспячэння”.

Акрамя таго, паведамлялася, што “праведзеная рэкагнасцыроўка раёнаў правядзення вучэнняў” на двух палігонах — “Лосвіда” і “Старадарожскі” (месціцца ў Мінскай вобласці).

Адзначалася, што на вучэннях плануецца адпрацаваць “падрыхтоўку і правядзенне міратворчай аперацыі Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ і ліквідацыю крыніц біялагічных пагроз”.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Армянскія ўлады замарозілі ўдзел краіны ў арганізацыі і заявілі пра магчымы выхад з блока. Ерэван абвінаваціў арганізацыю ў бяздзейнасці падчас карабахскага канфлікту з Азербайджанам, а асобных членаў — у тым, што яны “планавалі вайну” супраць Арменіі разам з Баку.

Падзяліцца: