Мінск 16:59

У Мінск прыбыў намеснік міністра абароны Ірана, беларуская вайсковая дэлегацыя выправілася ў Зімбабвэ

Сяед Галандары і Валерый Равенка (злева і справа адпаведна)
Фота: сацсеткі Равенкі

17 лютага, Позірк. У Мінск прыбыў намеснік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Ірана Сяед Галандары, які адказвае за міжнародныя стасункі, паведаміў 17 лютага начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Беларусі Валерый Равенка.

Беларускі вайсковы чыноўнік напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што абмеркаваў з іранскім госцем “пытанні цяперашняга ўзаемадзеяння, а таксама перамоў у рамках будучых мерапрыемстваў ШАС”.

У гэты ж дзень, паводле інфармацыі Равенкі, вайсковая дэлегацыя на чале з яго першым намеснікам Аляксандрам Вянгурам выправілася ў Зімбабвэ “з працоўным візітам”.

Стасункі Беларусі і Ірана значна актывізаваліся летась. У сярэдзіне сакавіка гэтую краіну наведаў Аляксандр Лукашэнка, адбыліся перамовы з іранскім прэзідэнтам Эбрахімам Раісі. Была падпісана “дарожная мапа” ўсебаковага супрацоўніцтва на 2023–2026 гады.

31 ліпеня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго іранскі калега Рэза Ашціані падпісалі мемарандум аб вайсковым супрацоўніцтве, дэталі якога дагэтуль невядомыя (аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны выказалі здагадку, што яны маглі абмяркоўваць магчымасць вытворчасці ў Беларусі іранскіх дронаў-камікадзэ).

17 кастрычніка ў Мінску адбыліся перамовы Лукашэнкі з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана Махамадам Махберам, які прыбыў у Беларусь на адзін дзень.

У лістападзе адбылося першае пасяджэнне сумеснай беларуска-іранскай міжведамаснай камісіі па вайсковым супрацоўніцтве.

Чакаецца, што Раісі наведае Беларусь у 2024 годзе.

Як і ў выпадку з Іранам, стасункі Беларусі з Зімбабвэ пачалі развівацца ў 2023-м. Лукашэнка наведваў гэтую афрыканскую краіну летась напрыканцы студзеня — на пачатку лютага. Падчас яго візіту было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснай камісіі па супрацы.

У лістападзе Беларусь наведала дэлегацыя Узброеных сіл Зімбабвэ.

Падзяліцца: