Мінск 06:49

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў

Банер у Мінску
Фота: 1prof.by

20 лютага, Позірк. У Беларусі а 12-й гадзіне адкрыліся выбарчыя ўчасткі на датэрміновым галасаванні па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.

“Афіцыйнага пацверджання прычын, па якіх выбаршчык не можа прагаласаваць у асноўны дзень правядзення выбараў, не патрабуецца”, — растлумачыла Цэнтральная выбарчая камісія.

Каб атрымаць бюлетэні, выбаршчык павінен прад’явіць адзін з дакументаў, які пацвярджае яго асобу — пашпарт, ідэнтыфікацыйную карту, біяметрычны пашпарт, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовае пасведчанне работніка дзяржоргана (арганізацыі), пасведчанне кіроўцы, пенсійнае пасведчанне, наяўнасці фатаграфіі), студэнцкі або вучнёўскі білет.

ЦВК нагадаў, што “забаронена фота і відэаздымка запоўненага бюлетэня для галасавання”.

У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб’яднаныя выбары — адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.

На 110 месцаў у ПП НС восьмага склікання прэтэндуе 265 кандыдатаў (з іх 10 грамадзян ва ўзросце да 31 года, 92 жанчыны; самаму маладому кандыдату ў дэпутаты — 23 гады. Самаму старэйшаму — 66 гадоў).

На 12.512 месцаў у мясцовых саветах прэтэндуе 18.802 чалавекі.

Сярэдні конкурс — 2,4 і 1,5 чалавека на месца адпаведна. Сярод кандыдатаў няма супернікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведамлялася, для арганізацыі выбараў у адзіны дзень галасавання 25 лютага ўтворана 5.411 выбарчых камісій, у склад якіх увайшло 57.233 чалавекі.

Такім чынам, працягваецца тэндэнцыя зніжэння колькасці камісій і іх сяброў (на парламенцкіх выбарах 2019 года была ўтворана 5.971 камісія, у якую ўваходзіла 65.856 чалавек, у 2016-м — 6.301 і 68.945 адпаведна).

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ.

Паводле словаў кіраўніка Цэнтрвыбаркама Ігара Карпенкі, акрэдытавана каля 200 міжнародных назіральнікаў.

“Выбары ў Беларусі праводзяцца на аснове норм Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса, шэрагу іншых заканадаўчых актаў, а таксама пастаноў Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія тлумачаць асобныя палажэнні выбарчага заканадаўства”, — гаворыцца ў прамежкавай справаздачы місіі назіральнікаў ад СНД, якую цытуюць дзяржСМІ.

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) запрашэння не атрымала.

“Выклікае глыбокае шкадаванне той факт, што беларускія ўлады вырашылі не запрашаць назіральнікаў на маючыя адбыцца парламенцкія выбары ў краіне ад дзяржаў АБСЕ праз Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкую асамблею (ПА АБСЕ)”, — заявілі 8 студзеня кіраўнікі інстытуцый Матэа Мякаччы (Італія) і Піа Каума (Фінляндыя).

Паводле іх словаў, гэтае рашэнне супярэчыць прынцыпу празрыстасці, які неабходны для правядзення сапраўды дэмакратычных выбараў.

Раней начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня заявіў аб магчымай дапамозе на выбарчых участках міліцыі з боку мабільных груп хуткага рэагавання “з ліку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і спецпадраздзяленняў у поўнай экіпіроўцы, узброеных аўтаматычнай зброяй”, а намеснік міністра Мікалай Карпянкоў — аб магчымым прыцягненні да мерапрыемстваў МУС наймітаў расійскай ПВК “Вагнер”.

З 19 лютага (за дзень да пачатку датэрміновага галасавання) асабовы склад органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў будзе пераведзены на ўзмоцнены варыянт службы, які прадугледжвае кругласутачнае дзяжурства на ўсіх выбарчых участках.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Падзяліцца: