Мінск 19:54

Арменія замарозіла ўдзел у АДКБ

Крыніца: сайт ПА АДКБ

23 лютага, Позірк. Арменія замарозіла ўдзел у Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), заявіў прэм’ер-міністр гэтай дзяржавы Нікол Пашынян у інтэрв’ю тэлеканалу France 24.

“Дамова аб калектыўнай бяспецы, на нашу думку, не была выкананая ў дачыненні да Арменіі, асабліва ў 2021–2022 гадах [падчас канфлікту з Азербайджанам]. Гэта не магло застацца без нашай увагі”, — сказаў Пашынян.

Арменія фактычна спыніла ўдзельнічаць у АДКБ пасля таго, як арганізацыя не заступілася за яе падчас нядаўняй вайны з Азербайджанам за Нагорны Карабах. Пашынян не прыехаў на саміт АДКБ у Мінску 23 лістапада 2023 года. Не ўдзельнічалі ў мерапрыемстве і міністры яго кабінета.

Аляксандр Лукашэнка назваў дэмарш Пашыняна “ўчынкам, які носіць правакацыйны характар”.

26 лістапада міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што заставацца або выйсці з АДКБ — гэта выбар вайскова-палітычнага кіраўніцтва Арменіі ў залежнасці ад таго, як яно далей хоча будаваць сваю бяспеку.

У арганізацыю ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Падзяліцца: