Мінск 22:57

Больш за 500 тыс. злотых сабрана для згвалтаванай беларускі, якая ў цяжкім стане знаходзіцца ў варшаўскай бальніцы

Фота: pomagam.pl

1 сакавіка, Позірк. 533 тыс. злотых (134 тыс. долараў ЗША) сабрана для згвалтаванай у Варшаве 25-гадовай беларускі, якая ў цяжкім стане знаходзіцца ў шпіталі. Сродкі перавялі больш за 10 тыс.чалавек.

Збор з заяўленай сумай 800 тыс. злотых абвясціў хлопец дзяўчыны, які паведаміў, што ён ураджэнец Украіны, а яго дзяўчына Лізавета родам з Беларусі. З ягоных слоў, раніцай 25 лютага ў цэнтры Варшавы дзяўчыну згвалтавалі і спрабавалі задушыць. Цяпер ахвяра без прытомнасці, падключана да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі адной з варшаўскіх клінік.

Дзяўчына пераехала ў Варшаву пасля падзей 2020 года ў Беларусі.

Згодна з паведамленнем польскай паліцыі, 23-гадовы меркаваны злачынец быў затрыманы ўвечары 25 лютага і арыштаваны на тры месяцы.

У паведамленні паліцыі гаворыцца, што злачынец у балаклаве напаў на жанчыну ззаду. Ахоўнік знайшоў аголеную жанчыну, якая ляжала на лесвіцы без прытомнасці, і паведаміў пра ўсё ў паліцыю. “Праз некалькі хвілін на месца злачынства прыбылі супрацоўнікі паліцыі і выклікалі хуткую дапамогу, а да яе прыезду надавалі пацярпелай першую дапамогу. З-за жорсткасці гэтага злачынства ўстанаўленне асобы і арышт злачынца было прыярытэтнай задачай для ўсіх супрацоўнікаў паліцыі, якія займаліся гэтай справай”, — адзначаецца ў паліцэйскім рэлізе.

За падобныя злачынствы ў Польшчы максімальнае пакаранне — пажыццёвае зняволенне.

У сацыяльных сетках здарэнне выклікала абурэнне, многія звярнулі ўвагу на тое, што ніхто не прыйшоў дзяўчыне на дапамогу падчас інцыдэнту.

НЗ пракаментавала ў сваім тэлеграм-канале беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская: “Мае думкі з беларускай Лізаветай, якая цяпер змагаецца за сваё жыццё ў адной з бальніц Варшавы. Я ад усёй душы жадаю ёй здароўя, а яе блізкім — сіл і цярпення перажыць гэта гора. Дзяўчына стала ахвярай гвалту, якое немагчыма растлумачыць або апраўдаць. Я ўдзячная лекарам, якія робяць усё магчымае, каб выратаваць яе жыццё, і польскай паліцыі, якая ўжо знайшла і арыштавала падазраванага”.

Падзяліцца: